Выстаўка "Гандлёвыя сувязі Полацка ў X-XVI стст.". Полацк


Полацкая зямля - адно з буйнейшых і самых ранніх ва Усходняй Еўропе дзяржаўных утварэнняў. Цэнтрам Полацкага княства-дзяржавы на працягу многіх стагоддзяў быў Полацк, які займаў зручнае геаграфічнае становішча. Горад быў размешчаны на берагах дзвюх рэк - Заходняй Дзвіны і Палаты. Праз іх праходзіў міжнародны гандлёвы шлях, які аб'ядноўваў краіны Поўдня і арабскага Усходу з гарадамі Паўночнай Русі і скандынаўскімі краінамі, а пазней - з нямецкімі ганзейскімі гарадамі Заходняй Еўропы. Безумоўна, гэта спрыяла эканамічнаму росквіту Полацка. Заходняя Дзвіна, стаўшы жыццёвай артэрыяй горада, вызначыла накірунак яго развіцця і першапачатковую вобласць яго жыццёвых інтарэсаў. Водны шлях "з варагаў у грэкі" меў вызначальную ролю ў гістарычнай плыні развіцця горада. Гэты шлях пашырыў не толькі гандлёвыя зносіны, але і спрыяў узаемапранікненню культур і традыцый розных народаў.

У пачатку ХІІ ст. гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі" стаў страчваць сваё значэнне ў жыцці народаў Усходняй Еўропы. Але гэта не зменшыла ролі Полацка як аднаго з важнейных цэнтраў тагачаснай Еўропы. У ХІІІ ст. больш значную ролю ў міжнародным гандлі набыў той напрамак заходнядзвінскага шляху, па якім Полацк непасрэдна гандляваў з Рыгай, Готландам, нямецкімі гарадамі.

Полацк быў не толькі буйнейшым транзітным горадам: ён сам пастаўляў на сусветны рынак тавары свайго ўласнага вырабу: воск і мёд, скуры і футры, хмель і розныя пароды дрэва. Аддаючы суседзям свае ўласныя прадукты, Полацк узамен атрымліваў тавары з іншых краёў. Прывезеныя з розных куткоў свету рэчы сёння можна ўбачыць на новай выстаўцы ў Краязнаўчым музеі.

461