Удзел у Скарынаўскіх чытаннях загадчыка Краязнаўчага музея Полацка Водневай І.П.


16-18 лістапада 2017 г. загадчык Краязнаўчага музея Полацка Ірына Воднева прыняла ўдзел у Скарынаўскіх чытаннях "Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага", прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатарамі чытанняў выступілі Віленскі гарадскі клуб "Сябрына", Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя беларусаў Літвы разам з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Чытанні распачаліся ўскладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі, прысвечанай першадрукару, якая знаходзіцца на былым доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча па вуліцы Вялікай. Пасля гэтага ўдзельнікі чытанняў пабывалі на ўрачыстым богаслужэнні памяці Францыска Скарыны, якое прайшло ў храме ў імя святой пакутніцы Параскевы Пятніцы. Запамінальнай стала і экскурсія па Віленскім універсітэце, дзе ўсім пашчасціла пабачыць знакаміты "Апостал" - адзіны ў Літве асобнік, які захоўваецца ў бібліятэцы ўніверсітэта. Непасрэдна чытанні праходзілі на другі дзень у Акадэміі навук Літвы. Удзельнікі чытанняў слухалі даклады, прысвечаныя Францыску Скарыне і кніжнай культуры ўвогуле. Навукоўцы з Літвы, Беларусі, Польшчы і Расіі пазнаёмілі прысутных з апошнімі дасягненнямі ў галіне даследавання скарынаўскай спадчыны. Чытанні і навуковыя канферэнцыя, арганізаваныя па ініцыятыве членаў грамадскіх арганізацый беларусаў у Літве, праходзяць у Вільні не першы раз і ўжо сталі добрай традыцыяй. У планах ёсць правядзенне чытанняў і ў наступным годзе.