Кавальскае рамяство і вырабы з жалеза


Важнейшым заняткам у сярэднявечным Полацку была апрацоўка чорнага металу, які выраблялі з крыц. Полацкія рамеснікі валодалі прыёмамі кавальскай зваркі і коўкі жалеза і сталі. Практыкавалася паянне, пакрыццё вырабаў каляровымі металамі, чаканкай і інкрустацыяй. Метал апрацоўвалі з дапамогай тачыльных колаў і брускоў. Некаторыя вырабы з жалеза (страмёны, шпоры) пакрывалі тонкім пластом волава (лужэнне), іншыя інкруставалі каляровымі металамі, прымянялася дробнапуансонная чаканка. На рабочай грані прылад працы наварваліся стальныя палосы. У ХІ-ХІІІ стст. у Полацку сярод рамеснікаў па апрацоўцы металаў налічвалася 16 спецыяльнасцяў. Полацкія майстры выраблялі прадукцыю на высокім тэхналагічным узроўні.

Асартымент вырабаў полацкіх кавалёў ХІ-ХІІІ стст. у Краязнаўчым музеі прадстаўлены як прадметамі хатняга і гаспадарчага ўжытку (нажы, замкі, ключы, нажніцы), так і прыладамі рамеснай вытворчасці і промыслаў (абцугі, каса, цясло, рыбалоўны кручок і блешня).

Найбольш складанымі вырабамі полацкіх слесараў былі замкі, якія рабілі навяснымі, накладнымі, нерухомымі. У экспазіцыі музея знаходзіцца невялікі, даволі распаўсюджаны ў ХІІ-ХІІІ стст., навясны замок цыліндрычнай формы, які мае дужку. Да навясных цыліндрычных замкоў патрабаваліся асаблівыя каленчатыя ключы. У музеі можна ўбачыць розныя тыпы ключэй: ключ ад навяснога замка, ключ-адмычка з двума зубамі ад накладнога замка, стрыжневы ключ з кольцам для падвешвання ад цыліндрычнага замка. Цікавая знаходка - ключ ад унутранага нерухомага замка 30-х гадоў ХІІІ ст. Яго ажурны абадок нагадвае квадрат з крыжом пасярэдзіне. Падобны ромбава-крыжовы матыў ("ключыкі") атрымаў распаўсюджанне ў беларускай арнаментыцы тканін, вядомай па этнаграфічных матэрыялах.

У музейнай экспазіцыі прадстаўлены спружынныя нажніцы, падобныя да сучасных прылад для стрыжкі авечак. Такія вырабы былі распаўсюджаны з Х ст., а вось знаходкі старажытных шарнірных нажніц вельмі рэдкія.

Незвычайнымі прадметамі для сучасных людзей сёння з'яўляюцца калачападобнае крэсіва ХІІІ ст. для здабычы іскры і крыгаходны шып ХІІ ст., які выкарыстоўвалі зімой для падкоўкі коней, каб пазбегнуць слізгання.


Кавальскія вырабы ХІ-ХІІІ стст.
Кавальскія вырабы ХІ-ХІІІ стст.