Полацк у ІХ-ХІ стст.


Упершыню ў пісьмовых крыніцах Полацк узгадваецца пад 862 годам. Плошча горада складала больш за 8 га і ўключала гарадзішча, паўторна заселенае крывічамі ў VIII ст., і неўмацаваныя селішчы на левым і правым берагах Палаты. Ад гідроніма Палата, што ў перакладзе з балцкіх гаворак азначае "цёмная вада", "балота", пайшла назва горада.

У другой палове Х ст. Полацк стаў сталіцай першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На чале Полацкага княства стаяў князь Рагвалод. Яго ўнук Ізяслаў, сын полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, стаў родапачынальнікам полацкай княжацкай дынастыі. З імёнамі Ізяслава і Рагнеды звязаны і пачатак распаўсюджвання хрысціянства на тэрыторыі Полацкага княства.

Асноўнымі заняткамі насельніцтва горада, якое складала каля 4-5 тыс. чалавек, былі рамяство і гандаль. Сярод рамёстваў найбольш даўнія традыцыі ў Полацку мелі кавальская і ліцейная справы, а таксама ювелірнае майстэрства: у канцы XI ст. налічвалася каля 60 рамесных спецыяльнасцяў. Галоўнай гандлёвай магістраллю рэгіёну была Заходняя Дзвіна. Полацк меў гандлёвыя сувязі са Скандынавіяй, паўночнымі і паўднёвымі княствамі Русі, а таксама гарадамі Паўночнага Прычарнамор'я.