Удзел супрацоўнікаў Краязнаўчага музея ў навуковай канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці"

З 17 па 18 кастрычніка 2013 г. на базе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея адбылася V навуковая канферэнцыя "Віцебскія старажытнасці". З дакладамі і паведамленнямі на канферэнцыі выступалі навукоўцы з Віцебска, Мінска, Полацка, Быхава, а таксама госці з Латвіі. Падчас выступленняў былі агучаны новыя здабыткі ў галіне археалогіі, гісторыі, краязнаўства.

Загадчык Краязнаўчага музея г. Полацка Воднева І.П. паведаміла прысутным пра ўдзел прадстаўнікоў радавітага дваранства з Полацка ў каранацыі апошняга рускага імператара Мікалая ІІ (з нагоды святкавання ў гэтым годзе 400-годдзя Дома Раманавых). Вядучы навуковы супрацоўнік Краязнаўчага музея Гаўрылава С.В. распавяла пра выданне газеты "Віцебскае Царкоўна-Грамадскае Слова", якая прыйшла на змену "Полоцким епархиальным ведомостям".

Да правядзення канферэнцыі было прымеркавана адкрыццё ў адной з залаў віцебскага музея выставы, прысвечанай краязнаўцу і музейшчыку Уладзіміру Краснянскаму, 150 год з дня нараджэння якога святкуецца ў гэтым годзе. Большасць матэрыялаў, прадстаўленых у экспазіцыі, належыць віцебскаму настаўніку і краязнаўцу Аркадзю Падліпскаму, які гарантаваў перадачу ўсіх матэрыялаў у фонды музея пасля заканчэння выставы.

872