
5-6 снежня 2024 г. у Мінску прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця (да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства)». Яе арганізатарамі выступілі ўстановы і арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Інстытут гісторыі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а таксама прафсаюз акадэміі навук. Да ўдзелу было заяўлена больш за 150 дакладаў, аўтарамі якіх былі вучоныя, краязнаўцы, работнікі музеяў, архіваў, выкладчыкі і навучэнцы розных устаноў адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый рэспублікі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар У. Р. Гусакоў; акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Каваленя; дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. Л. Лакіза і дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар А. І. Лакотка. Выступоўцы звярнулі ўвагу на значную ролю гістарычнага краязнаўства ў працэсе выяўлення і аховы помнікаў гісторыі і культуры, аказання дапамогі спецыялістам у іх вывучэнні, а таксама фарміраванні патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі беларусаў. На пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў другой палове першага дня працы форуму, выступілі вядучыя гісторыкі-практыкі краіны: В. Л. Лакіза, А. У. Дзянісаў, М. В. Півавар, А. В. Бараноўскі, І. Л. Капылоў , Д. В. Юрчак. Насычанай была праца па трох секцыях, у якіх прынялі ўдзел супрацоўнікі НПГКМЗ. Загадчык Краязнаўчага музея І. П. Воднева прадставіла новыя звесткі пра сям'ю патомнага ганаровага грамадзяніна Полацка XIX ст. Беркі Баркана. У аснову даследавання былі пакладзены архіўныя дакументы, якія захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу, Мінску, Полацку, частка з якіх была знойдзена раней. Вядучы навуковы супрацоўнік НПГКМЗ Г. М. Раманенкава падрыхтавала выступленне на тэму «Газеты 1913 года „Полацкі лісток“ і „Полацкая капейка“ аб жыцці горада». У час работы канферэнцыі адбылася прэзентацыя архіўных дакументаў да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства з фондаў Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі, а таксама кніг і часопісаў з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Для ўдзельнікаў навуковага форуму ў другі дзень былі арганізаваны экскурсіі па «Археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі» і «Навукова-музейнай экспазіцыі старабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».