Супрацоўнікі НПГКМЗ прынялі ўдзел у архіўных чытаннях «Память. История. Люди»

У рамках Міжнароднага тыдня архіваў на пляцоўцы выстаўкі «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка» ў Краязнаўчым музеі прайшлі архіўныя чытанні «Память. История. Люди». Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Полацку і Краязнаўчы музей, філіял НПГКМЗ.

У прывітальным слове дырэктар архіва Л. В. Лазаронак адзначыла, што сёлета архіўныя чытанні, якія праходзяць ужо не першы раз, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 100-годдзю Полацкага краязнаўчага таварыства. Тэмы выступленняў у асноўным былі прысвечаны менавіта гэтым дзвюм падзеям, якія чырвонай ніткай праходзяць праз многія мерапрыемствы музейшчыкаў і архівістаў сёлета.

Сярод удзельнікаў чытанняў былі і супрацоўнікі музея-запаведніка, якія ў сваёй працы шырока выкарыстоўваюць матэрыялы архіваў. І. П. Воднева прысвяціла свой даклад Уладзіміру Іванавічу Ліхачову, полацкаму журналісту, мастаку і краязнаўцу. А. А. Бяляеў распавёў пра новыя матэрыялы па гісторыі развіцця Полацкай мытні ў 1920-я гг., якія былі выяўленыя ім у мясцовым архіве Ю. А. Аўсейчык падзялілася малавывучанымі старонкамі жыцця полацкага каталіцкага святара пачатку ХХ ст. Францішка Будзькі. Загадчык Дзіцячага музея Н. У. Кляпацкая прадставіла працу музея, архіва і сям'і як трох складнікаў працэсу захавання гістарычнай памяці на прыкладзе біяграфіі М. А. Панова.

За цеснае і плённае супрацоўніцтва ў рамках Міжнароднага тыдня архіваў загадчыку Краязнаўчага музея І. П. Водневай былі ўручаны падзяка ад кіраўніцтва ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку» і кветкі.

79