
100 гадоў таму ў Полацку распачало працу краязнаўчае таварыства, дзейнасць якога ў савецкі час паспрыяла масаваму вывучэнню мясцовай гісторыі. Вынікам двухгадовай працы таварыства стала адкрыццё Краязнаўчага музея Полацка. Сёлета яго супрацоўнікі выступілі ініцыятарамі правядзення круглага стала «КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ НА ПОЛАЧЧЫНЕ: ВОПЫТ, ДАСЯГНЕННІ І МАГЧЫМАСЦІ».
Дыскусійныя пытанні, якія ахоплівалі па храналогіі ўсе 100 гадоў развіцця краязнаўчай дзейнасці, прыйшлі абмеркаваць навукоўцы, музейныя супрацоўнікі, архівісты, выкладчыкі, бібліятэкары з Мінска, Полацка, Віцебска, Наваполацка, Міёраў, а таксама навучэнцы полацкіх каледжаў і школ, студэнты ўніверсітэта. Кожны меў магчымасць не толькі прадставіць вынікі сваёй працы, але і абмяняцца думкамі, параіцца з калегамі.
Загадчык Краязнаўчага музея, філіяла НПГКМЗ, І. П. Воднева «за вялікі ўклад у развіццё ўніверсітэта, умацаванне навукова-тэхнічнага і кадравага патэнцыяла і ў сувязі са 100-годдзем Полацкага краязнаўчага таварыства» была ўзнагароджана Ганаровай граматай УА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай». Ад кіраўніцтва Полацкага раёна на чале з І. І. Марковічам супрацоўнікам старэйшага музея НПГКМЗ быў падараваны фотаальбом «Наследие прошлого в настоящем. Полоцкий район», у выданні якога непрасрэдна прымалі ўдзел і супрацоўнікі Краязнаўчага музея. Дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Т. А. Старынская падаравала кнігу А. В. Мядзведскага «Дорогой поиска. Витебская художественная школа». Вядомы беларускі краязнаўца В. А. Ермалёнак перадаў супрацоўнікам музея з асабістай бібліятэкі некалькі выданняў рэлігійнага зместу канца ХІХ — пачатку ХХ стст., а супрацоўнік Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці С. М. Мясаедава — дзве кнігі садавода М. А. Рыбіцкага, які ў 1920-я гг. узначальваў Таварыства даследчыкаў помнікаў старажытнасці ў Полацку.