
Загадчык Краязнаўчага музея Полацка І.П. Воднева 20-21 лютага 2025 г. прыняла ўдзел у ХVI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны». Навуковы форум праходзіў на дзвюх пляцоўках — у Музеі імя В. Ю. Арлова і ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Яраслава Мудрага.
З прывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся не толькі прадстаўнікі адміністрацыі бібліятэчнай сістэмы, Яраслаўскай епархіі і адміністрацыі г. Яраслаўля, але і госці з беларускіх гарадоў: Мінска, Магілёва і Полацка. І. П. Воднева зачытала прывітанне старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігара Іванавіча Марковіча:
«Полацк і Яраслаўль з 2022 г. сталі гарадамі-партнёрамі, а ў 2025 г. павінна адбыцца падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж горадам Яраслаўлем і Полацкім раёнам. Нашы землі будуць звязаны яшчэ больш трывалымі ніткамі чалавечых і эканамічных узаемаадносін, у аснове якіх ляжаць гістарычная агульнасць і духоўнае сваяцтва двух брацкіх народаў».
У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў з устаноў культуры і адукацыі Расіі, Беларусі і Кыргызстана. Выступоўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Яраслаўля, Іванава, Оша і іншых гарадоў прадставілі шырокі спектр даследчых напрамкаў. Шэраг дакладаў быў прысвечаны захаванню гістарычнай памяці, уключаючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Традыцыйна на пляцоўках канферэнцыі прагучалі і практыка-арыентаваныя паведамленні. Падчас гэтых выступленняў былі прэзентаваны новыя турыстычныя маршруты і даведнікі, сістэма гісторыка-краязнаўчых падкастаў, настольныя гульні.
І. П. Воднева выступіла з дакладам «Іван Іванавіч Даўгоў: па нараджэнні — пецябруржац, а па службе — палачанін», які прысвечаны педагогу, гісторыку, краязнаўцу, грамадскаму дзеячу канца XIX — пачатку XX ст.
Сардэчны прыём і насычаная праграма канферэнцыі, навуковыя дыскусіі і зносіны з калегамі з Беларусі і Расіі пакінулі самыя цёплыя ўспаміны пра форум, які з году ў год пашырае геаграфію ўдзельнікаў і поле навуковых даследаванняў.