Музейная гасцёўня «Во имя людей и во благо мира»

У Краязнаўчым музеі на пляцоўцы выстаўкі «Беларусь XXI стагоддзя. Наш гістарычны выбар» у рамках сацыяльна-арыентаванага праекта «Жанчына. Сям'я. Будучыня» прайшла сустрэча з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га і 6-га скліканняў Наталляй Васільеўнай Гуйвік.

Наталля Васільеўна Гуйвік — выдатны апавядальнік. Прысутныя на мерапрыемстве навучэнцы і педагогі Полацкага эканамічнага каледжа і Полацкага кадэцкага вучылішча з натхненнем слухалі яе аповед пра цяжкасці ў працы суддзі г. Полацка, асаблівасці работы Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, праблемах, якія ўзнікалі ў працэсе збору сродкаў на мемарыял «Урочышча Пяскі». У рамках дыялога, які вёўся падчас сустрэчы, падымаліся пытанні аб складанасцях працы з законапраектамі, партнёрскай дзейнасці з дэпутацкім корпусам краін СНД, удзеле парламентарыяў у знакавых для Рэспублікі Беларусь мерапрыемствах.

Падтрымаць Наталлю Васільеўну прыйшлі калегі і сябры: аўтар кнігі «Урочышча Пяскі — тэрыторыя смерці» С. П. Капыл, дырэктар УА «Полацкае кадэцкае вучылішча» С. К. Красоўскі, начальнік фінансавага ўпраўлення Полацкага раённага выканаўчага камітэта М. В. Карасёва.

Як адзначыла старшыня Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Аліна Пятроўна Шчукіна:

«Правядзенне сустрэч з таленавітымі і паспяховымі палачанкамі, прафесіяналамі сваёй справы, дапамагае сучаснай моладзі даведацца шмат цікавага пра Полаччыну і яе людзей».

Для многіх дзяцей стала гонарам быць запрошанымі на падобнае мерапрыемства, пра што яны гаварылі пасля заканчэння сустрэчы.

437