
Супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка І. П. Воднева і В. В. Хруцкая ў якасці журы прынялі ўдзел у рабоце раённага этапу рэспубліканскага конкурсу навуковых краязнаўчых работ навучэнцаў. Да абароны было дапушчана 17 работ школьнікаў 7-11 класаў. Навуковыя даследаванні дзяцей правяралі супрацоўнікі ДУДА «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» і музейныя работнікі. Прадстаўленне даследаванняў арганізавалі ў анлайн-рэжыме на платформе Zoom, і яно прайшло па трох секцыях: «Геаграфічнае краязнаўства», «Гісторыя роднага краю» і «Культурная спадчына». Вучні прадставілі асноўныя напрамкі сваёй сумеснай дзейнасці з педагогамі, адказалі на пытанні членаў журы.
Па выніках працы пераможцамі секцыі «Культурная спадчына» сталі навучэнка 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Полацка» Дар'я Арыстава з працай «Млынарства на Полаччыне ў ХІХ—пачатку ХХ ст.» і навучэнка 8 класа ДУА Сярэдняя школа № 2 г. Полацка» Марыя Пятрова з працай «Царкоўная дэкаратыўная разьба па дрэве ў Богаяўленскім кафедральным саборы г. Полацка ў к. XX — пач. XXI стст. майстры А. І. Трафімава».
У секцыі «Геаграфічнае краязнаўства» перамогу атрымаў навучэнец 9 класа ДУА «Палатоўская базавая школа Полацкага раёна» Аляксей Пятроў з працай «Крыніца — пачатак жыцця».
У секцыі «Гісторыя роднага краю» дыпломы I ступені заваявалі навучэнка 8 класа УА «Полацкая дзяржаўная гімназія № 2» Валерыя Каржэнка з працай «Гісторыі выратавання яўрэяў на тэрыторыі Полацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і навучэнка 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 16 г. Полацка» Аляксандра Селіванава з працай«Аб аднаўленні сістэмы народнай адукацыі ў горадзе Полацку з 1944 па 1949 г.».
Аўтары-пераможцы выправяць недахопы, улічаць рэкамендацыі членаў журы і будуць абараняць гонар Полацкага раёна на абласным этапе.