Да 100-годдзя Полацкага краязнаўчага таварыства

У 2025 г. спаўняецца 100 гадоў Полацкаму краязнаўчаму таварыству. З часу яго стварэння пачалося сістэматызаванае вывучэнне гісторыі Полаччыны ў савецкі час. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры (зараз — НАН Беларусі), створанае ў 1923 г., стала апекуном усёй краязнаўчай працы ў краіне, у тым ліку і для палачан. Галоўная задача, якую паставіла бюро перад жыхарамі рэспублікі, — «усебаковае вывучэнне роднага краю». Краязнаўчыя таварыствы аб’ядноўвалі людзей розных узростаў і прафесій. На чале краязнаўчых гурткоў і ячэек у асноўным стаялі супрацоўнікі аддзелаў народнай асветы, выкладчыкі і настаўнікі школ і тэхнікумаў. У склад праўлення Полацкага краязнаўчага таварыства ў 1925 г. уваходзілі Пётр і Іван Дэйнісы, Іван Лубоўскі, Пётр Крывіцкі і іншыя. Восенню таго ж года да іх далучыўся Сяргей Мялешка, які імкнуўся падняць краязнаўства на Полаччыне на новы ўзровень. Вынікам іх працы стала стварэнне ў снежні 1926 г. краязнаўчага музея.

Да 100-гадовага юбілею Полацкага краязнаўчага таварыства супрацоўнікі Краязнаўчага музея запланавалі правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Адным з іх стане круглы стол «Краязнаўчы рух на Полаччыне: вопыт, дасягненні і магчымасці», які адбудзецца 13 сакавіка 2025 г.

424