
У 2024 г. завяршылася рэалізацыя гісторыка-адукацыйнага праекта «Полацкі рубеж», які стартаваў у лютым 2022 г. Яго каардынатарам выступіў аддзел турызму і актыўнага адпачынку ДУДА «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі». Удзельнікамі праекта сталі 23 пошукава-даследчыя атрады ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Полацкага раёна. Навучэнцы, якія ўваходзілі ў такія атрады, вывучалі падзеі перыяду 1927-1941 гг., звязаныя з гісторыяй Полацкага 61-га ўмацаванага раёна. На працягу 3-х гадоў удзельнікамі пошукавых экспедыцый здзейснена больш за 100 паходаў, даследаваны больш за 200 ДАКропак і іншых аб'ектаў ваеннай гісторыі, вакол якіх праведзены работы па добраўпарадкаванні. Прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты і ў міжнародных Вахтах Памяці. У рамках праекта як вынік праведзенай работы прайшла раённая краязнаўчая канферэнцыя навучэнцаў «Памяць скрозь стагоддзі». Членам журы была Л.Б. Трыгорлава, вядучы навуковы супрацоўнік Краязнаўчага музея Полацка. Юныя даследчыкі прадставілі 11 работ. Яны дэманстравалі глыбокія веды вывучанага імі тэарэтычнага матэрыялу, выкананую практычную работу ілюстравалі фотадакументамі, правільна абгрунтоўвалі свае высновы. Лепшымі прызнаны работы П. Аўдошкі «Забытыя імёны: Аркадзь Якаўлевіч Марчанка» (ДУА «Сярэдняя школа № 16 г. Полацка»), Дз. Дукшынскага і М. Пальчэўскага «Станаўленне і баявая дзейнасць партызанскай брыгады ім. К. Я. Варашылава» (УА «Ветрынская сярэдняя школа імя Дз. В. Цябута Полацкага раёна»), Ц. Шабана «Вяртанне з той далёкай вайны» (ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Полацка»). Іх аўтары былі ўзнагароджаны дыпломамі і спецыяльнымі кубкамі. Акрамя гэтага, узнагароды атрымалі і найлепшыя пошукава-даследчыя атрады раёна.