Тэматычная сустрэча «Прызванне — надзвычайная служба»

22 сакавіка 2024 г. у чарговы раз пляцоўка выставы «Утаймавальнікі вогненнай стыхіі» стала месцам правядзення тэматычнай сустрэчы з супрацоўнікамі МНС. На гэты раз у музеі сабраліся дзяўчаты і жанчыны, якія звязалі сваё жыццё з надзвычайнай службай, Таццяна Первянёнак і Зоя Стамянок. Ветэраны Полацкага ГРАНС, расказвалі пра асаблівасці нясення службы ў пажарнай часці ў савецкі час: аб недахопах тэхнічнага абсталявання, аб адсутнасці сотавай сувязі ў тыя гады, графіку дзяжурстваў і інш. Дзяўчаты-кадэты, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, цікавіліся ў ветэранаў, як яны спраўляліся са сваімі перажываннямі за тых, хто адпраўляўся на тушэнне пажару, а таксама з стрэсавымі сітуацыямі, якія ўзнікалі на працы. Пра тое, чым цікавая і ў той жа час складаная служба дыспетчара ГРАНС у нашы дні расказала Ганна Белавусава, якая стала пераможцам у конкурсе «Лепшы па прафесіі» ў 2018 г. На ўрачыстым узнагароджанні ў Мінску прысутнічалі і яе бацькі. Бацька Ганны Аляксандраўны таксама служыў у Полацкім ГРАНС і дачка стала прадаўжальнікам сямейнай дынастыі. Яркім і запамінальным было апавяданне і Таі Матэленак, бацька якой аддаў большую частку жыцця службе ў МУС. Тая Сяргееўна сёння займае пасаду старшага інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю ў ГРАНС. Слухаючы яе аповяд аб рабоце, прысутныя разумелі, што Т. С. Матэленак займаецца любімай справай. З дзяцінства актыўная і творчая асоба, яна сёння вядзе вялікую прапагандысцкую працу сярод палачан. Яе любімцы — удзельнікі клуба юных выратавальнікаў-пажарных (КЮВП), прадстаўнік якога таксама прыйшоў на тэматычную сустрэчу «Прызванне — надзвычайная служба». Аб накірунках працы супрацоўнікаў Полацкага ГРАНС з падрастаючым пакаленнем прысутныя даведаліся з невялікага прэзентацыйнага роліка, прадстаўленага Т. С. Матэленак. У канцы сустрэчы словы падзякі за выбар складанай, небяспечнай прафесіі выказалі С. Я. Аваднёў, начальнік Полацкага ГРАНС, А. В. Пугач, старшыня ветэранскай арганізацыі Полацкага ГРАНС і А. П. Шчукіна, старшыня Полацкага ГА «Беларускі саюз жанчын».

72