Музейна-педагагічныя і тэматычныя заняткі

Па курсе «Мая радзіма Беларусь»
«Добры дзень, музей!»

«Храм музы» - так яшчэ ў старажытнасці называлі музей. Музеі бываюць розныя: гістарычныя, мастацкія, літаратурныя і, вядома ж, краязнаўчыя. У Краязнаўчым музеі Полацка сёння «жывуць» экспанаты, узрост якіх вылічаецца стагоддзямі і нават тысячагоддзямі. У кожнага з іх свая гісторыя. Хочаце яе даведацца? А пазнаёміцца з асаблівай «музейнай» мовай і пабываць у ролі экспазіцыянера? Музей чакае вас!

«У краіне майстроў. Рамёствы старажытнага Полацка»

Рамёствы і гандаль – асноўныя заняткі гарадскога насельніцва. Аб ажыўленым гандлі сведчаць скарбы. На Полацкай зямлі іх знойдзена каля 40. Самы вядомы скарб – Каз ̓ янкаўскі (X ст.). Што ён сабой уяўляе? Каму мог належаць? Як аказаўся ў зямлі? Цікава? Тады да сустрэчы!

«Кухня нашых продкаў»

Хочаце даведацца, чаму чалавек заўсёды паважліва ставіўся да хлеба, ведаў пра карысць крупяных каш, з лёгкасцю вырабляў тварог і масла? Тады ваш шлях ляжыць у этнаграфічную залу Краязнаўчага музея. Тут можна не толькі ўбачыць посуд з гліны, лазы ці дрэва, але і пазнаёміцца з працэсам падрыхтоўкі і захоўвання ежы нашымі продкамі.

«Апавяданні сялянскай хаты»

Драўляная хата - традыцыйнае жыллё беларускіх сялян. Яго будаўніцтва ва ўсе часы было справай сур'ёзнай і адказнай. Хочаце даведацца, як сяляне выбіралі месца для будучай будоўлі? Дзе ў хаце знаходзіўся «чырвоны» кут і што такое «рэзгіны»? Тады чакаем сустрэчы з вамі!

«Прагулка па Ніжне-Пакроўскай»

Вуліцы ... У Полацку іх больш 350. Кожная з іх мае свой узрост і сваю назву. Адна з самых старажытных вуліц - Ніжне-Пакроўская. А ці ведаеце вы, калі яна ўпершыню згадваецца ў гістарычных дакументах? Колькі разоў змянялася яе назва? Хто пражываў на Ніжне-Пакроўскай ў пачатку мінулага стагоддзя? Не? Давайце разам знойдзем адказы на гэтыя пытанні!

«У абарону сваёй зямлі»

З часоў утварэння сваёй дзяржаўнасці палачанам прыйшлося яе абараняць. Спачатку ад Ноўгарада і Кіева, пазней — ад крыжакоў. Полацкія ратнікі бралі ўдзел у Неўскай і Грунвальдскай бітвах. Гэта сусветна вядомыя факты. А вось як Полацк дапамог атрымаць перамогу ў Кулікоўскай бітве, напэўна, ведаюць не ўсе. Час даведацца аб гэтым!

«Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч»

Усяслаў Брачыславіч па мянушцы Чарадзей быў самым яркім прадстаўніком Полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў. Ён кіраваў Полацкім княствам з 1044 па 1101 г. Калі вы хочаце даведацца аб Полацку тысячагадовай даўніны, "сустрэцца" з самім князем, які распавядзе пра сябе, пра сваю сям'ю і пра паходжанне сваёй знакамітай мянушкі, чакаем вас у музеі!

 

Па курсе «Гісторыя Беларусі» і факультатыўным курсе «Полацказнаўства»
«Лівонская вайна на Полаччыне»

Вайна на дзесяцігоддзе змяніла лёс Полацка. Чаму Івану Жахліваму ўдалося захапіць горад і якую рэч ён зрабіў сімвалам перамогі над Полацкам? Якую стратэгію і тактыку выкарыстоўваў Стэфан Баторый, адваёўваючы горад у праціўніка? Хочаце атрымаць адказы на гэтыя пытанні? Завітайце да нас!

«Полацк у вайне 1812 года»

Сапёрны цясак, штыкі, агнястрэльная зброя, гарматы - рэчы без якіх не абыходзілася ні адна вайна XІX ст. А што такое «гранадка»? Якому прадмету ваеннай амуніцыі яна дала назву? Як разгортваўся партызанскі рух на Полаччыне ў 1812 годзе? Аб гэтым і іншых падзеях вайны даведаемся разам!

«Герой, які служыць Айчыне, не памірае...»

Генерал-маёр Якаў Кульнеў - вучань Суворава, любімец салдат. Лічыў ваенную справу сэнсам жыцця. Здавалася б, павінен быць жорсткім чалавекам. Аднак гэта не так! Доказам з'яўляюцца асабістыя лісты Якава да родных і водгукі аб Кульневе яго сучаснікаў. Пазнаёмімся з гэтымі дакументамі разам з намі!

«Паўстанне 1863-1864 гг. на Полаччыне»

Скарбніцай нацыянальнай культуры з'яўляюцца архіўныя дакументы. У іх - лёс нашага народа, працоўныя поспехі і культурныя дасягненні, жыццё выдатных асоб, якія стваралі гісторыю краіны. Датыкніцеся да гэтых крыніц ведаў і яны дапамогуць вам больш глыбока зразумець падзеі 1863-1864 гг.!

«Полаччына ў гады Першай сусветнай вайны»

Вайна - заўсёды трагедыя. Полацк зведаў яе ў поўнай меры. Але менавіта ў гады Першай сусветнай вайны тут з'явіліся першы аэрадром, першы аўтамабіль і першая гарадская вузкакалейка. Як гэта адбывалася? Каго з палачан мабілізавалі ў армію і хто атрымаў медаль «За працу па выдатнаму выкананню ўсеагульнай мабілізацыі»? Даведайцеся аб гэтым у нас!

 

 

Цыкл заняткаў «Ганаровыя грамадзяне г. Полацка»

  • Сустрэча-прэзентацыя «Яны былі першымі. 1967 год».
  • Гутарка-практыкум «З любоўю да Полацка. Надзея Салодкая і Навум Гальпяровіч».
  • Вечар памяці «Полацкія педагогі. Пётр Пацей і Мікалай Пятрэнка».
  • Краязнаўчая гасцёўня «Полацкі завод шкловалакна: гісторыя і людзі».
  • Гутарка-практыкум «Мой гонар і маё задавальненне». Першы рэктар ПДУ Эрнст Бабенка.
  • ечар-партрэт «Палачанін на ўсё жыццё. Алесь Савіцкі».
  • Гутарка-дыспут «А моладзь у нас добрая! Герой Савецкага Саюза Сцяпан Пашкевіч».
  • Краязнаўчая гасцёўня «Доктар імя якому Ганначка».
  • Гутарка-дыспут «На чале горада: С.П. Партноў, К.Л. Хоміч, У.С. Тачыла».
  • Адкрыты дыялог «Я ўсё пакідаю палачанам: І.П. Дэйніс».

 

Па стацыянарнай выставе «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай»

Кошт музейна-педагагічных заняткаў