Вялікае не можа быць забытым!

Імя Героя Савецкага Саюза Сцяпана Апанасавіча Пашкевіча (1921-2014) вядома шматлікім палачанам – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін нашага горада. Напярэдадні святкавання Дня Перамогі супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка сустрэліся з дачкой С.А. Пашкевіча. Святлана Сцяпанаўна Коласава падзялілася сваімі ўспамінамі аб бацьках, аб адносінах у сям'і, аб сваім дзяцінстве і юнацтве. Яна з задавальненнем распавядала аб асобасных якасцях бацькі, аб яго занятках у вольны ад прафесійнай і грамадскай дзейнасці час. У сям'і С.С. Коласавай захоўваецца вялікі фотаархіў. У ім – даваенныя і франтавыя фатаграфіі бацькі, фатаграфіі з Параду Перамогі ў Маскве, у якім удзельнічаў С.А. Пашкевіч 24 чэрвеня 1945 г. Шмат фатаграфій Сцяпана Апанасавіча перыяду 1950-х-1990-х гг. – з жонкай Кацярынай, з дзецьмі – сынам Валерам і дачкой Святланай, з сябрамі і калегамі па працы. На сустрэчы Святлана Сцяпанаўна паказала і некаторыя асабістыя дакументы свайго бацькі: ліст камандвання в/ч 39366 да маці С.А. Пашкевіча з удзячнасцю, пасведчанні да ўзнагарод і звання Героя Савецкага Саюза і інш. Дзякуючы С.С. Коласавай, стацыянарная выстаўка «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка» у Краязнаўчым музеі будзе дапоўненая новымі цікавымі матэрыяламі.

779