Да 110-годдзя савецкага пісьменніка, выпускніка Полацкага педвучылішча Генадзя Геродніка

Для большасці палачан гэтае імя малавядома. Але ў другой палове ХХ ст. Генадзь Іосіфавіч часта бываў у Полацку, заходзіў у госці ў сваё роднае педвучылішча, прымаў удзел у сустрэчах з моладдзю, як ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнікам Генадзь Іосіфавіч стаў, пражыўшы амаль палову свайго жыцця, хоць схільнасці да літаратуры меў з юнацтва. Першая кніга Г.І. Геродніка была выдадзена ў 1958 г. у Таліне. Пазней яго кнігі друкаваліся ў Маскве, Рызе, Мінску і нават у Берліне. Асаблівае месца ў яго літаратурнай творчасці займала вайна. Ён ведаў вельмі добра яе знутры, служыў у розных родах войскаў, быў двойчы цяжка паранены. У сваіх творах аўтар не толькі ўмела перадаваў тую атмасферу, якая панавала на вайне, але і выкарыстоўваў дакументальныя матэрыялы, праседжваючы гадзінамі ў архівах розных гарадоў. У 1983 г. у Таліне Генадзь Героднік выдае дакументальна-публіцыстычную аповесць «Мая франтавая лыжня». Супрацоўнікаў Краязнаўчага музея, якія ўжо не першы год займаюцца вывучэннем гісторыі развіцця фізічнай культуры і спорту, зацікавіла гэтая кніга, перададзеная ў музейны збор М.А. Манісам. Гэты твор прысвечаны салдатам лыжнага батальёна, якія абаранялі родную зямлю на адным з самых складаных участкаў фронту, іх гераізму і стойкасці, нягледзячы на ўсе нягоды. Якія цяжкасці чакалі маладых лыжбатаўцаў на фронце, як выжывалі салдаты практычна ў поўным акружэнніі, чаго баяліся больш за ўсё на свеце, пра гэта больш падрабязна чытайце далей па спасылцы.

870