Як гэта быць трэнерам чэмпіёна?

28 кастрычніка 2020 года на пляцоўцы выставы «Народжаныя перамагаць» адбылася сустрэча з трэнерскім складам горада, сярод якіх быў і Ганаровы грамадзянін г. Полацка С.Я. Сушчын. Сямён Яфімавіч за падрыхтоўку паралімпійскага чэмпіёна па фехтаванні Андрэя Праневіча ў 2016 годзе атрымаў званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». Акрамя перамогі ў Рыа-дэ-Жанейра, у скарбонцы ў Сямёна Яфімавіча яшчэ і сярэбраная ўзнагарода ў 2008 годзе ў Пекіне. Яго выхаванец Мікалай Без'язычны стаў у Кітаі другім, саступіўшы чэмпіёну ўсяго толькі адно ачко. На сустрэчы, дзе акрамя С.Я. Сушчына, прысутнічалі старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі работнікаў фізічнай культуры і спорту Аляксандр Аўдачонак, майстры спорту Рэспублікі Беларусь Руслан Голубеў (цяжкая атлетыка), Леанід Сіняўскі (веласпорт), Аляксей Разянкоў (акадэмічнае веславанне), Сяргей Фірсаў (дзюдо), Анатоль Карабань (каратэ), гучала шмат цёплых слоў у адрас тых, хто стаяў ля вытокаў развіцця ў Полацку асобных відаў спорту - лёгкай і цяжкай атлетыкі, боксу, валейболу, веласпорту.
Інтэрнэт-магчымасці дазволілі арганізатарам сустрэчы звязацца са знакамітымі трэнерамі, якія сваю спартыўную кар'еру пачыналі ў Полацку 40-50 гадоў таму назад. Гэта заслужаны трэнер БССР Аляксандр Шавяка, старшыня «Беларускай федэрацыі танцаў і мастацкай гімнастыкі на інвалідных калясках» Ларыса Клемянцёнак, заслужаны трэнер Расіі Уладзімір Алекна.
Усім вядома, што добры настаўнік - гэта важная ўмова паспяховасці спартсмена. Трэнер выяўляе яго здольнасці, садзейнічае поўнаму іх раскрыццю, а таксама сам служыць прыкладам для сваіх выхаванцаў. Пра гэта і многае іншае казалі настаўнікі полацкіх чэмпіёнаў напярэдадні свайго прафесійнага свята. Дыялог атрымаўся эмацыйна яркім, прысутныя з удзячнасцю выказваліся ў адрас арганізатараў, і будавалі планы на будучыню.