“Я жадаю ўсім быць сумленнымі, захоўваць сваю годнасць…” С.А. Пашкевіч

Аб гэтым чалавеку гаварылі толькі самае добрае. Прыстойны, чулы, патрабавальны, у першую чаргу да сябе, мужны. Сцяпан Апанасавіч Пашкевіч быў сапраўдным патрыётам і прыкладам для пераймання. Ён прайшоў дарогамі вайны з чэрвеня 1941 па май 1945 г., зведаўшы і горыч адступлення, і радасць перамог. У снежні 1944 г. за праяўленую адвагу падчас фарсіравання Дняпра 23-гадовы юнак атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
Ад падзей Вялікай Айчыннай вайны нас сёння аддзяляе ўжо болей, чым 75 год, але памяць аб героях той жудаснай вайны і ў наш час застаўляе трапятаць чалавечыя сэрцы. З кожным годам удзельнікаў вайны застаецца ўсё менш. І абавязак тых, для каго здабывалася Перамога, памятаць аб падзеях таго часу.
Супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка падчас стварэння стацыянарнай выставы “Ганаровыя грамадзяне г. Полацка” сабралі матэрыялы аб гэтым знакамітым палачаніну, запісалі інтэрв’ю з роднымі і сябрамі Сцяпана Апанасавіча. І сёння мы прадстаўляем фільм-партрэт, які распавядае аб баявым і працоўным шляху слаўнага сына полацкай зямлі — С.А. Пашкевіча.