Вядучыя да спартыўных вяршыняў

Вось ужо 20 гадоў як у спартыўным свеце 30 кастрычніка адзначаецца Дзень трэнера. Усім вядома, што добры настаўнік гэта важная ўмова паспяховасці спартсмена. Трэнер выяўляе яго здольнасці, садзейнічае поўнаму іх раскрыццю, а таксама сам служыць прыкладам для сваіх выхаванцаў. Кажуць, можна быць добрым спартоўцам, але вось дамагчыся высокіх вынікаў ад сваіх вучняў атрымліваецца не заўсёды. А бывае і наадварот: у спартоўца не было ў скарбонцы высокіх узнагарод на міжнародных спаборніцтвах, але яго падапечныя дайшлі да Алімпійскай вяршыні. Аб'яднаць адразу два бакі медаля спартыўную кар'еру і трэнерства атрымоўваецца не заўсёды.

Гісторыі развіцця фізічнай культуры і спорту ў Полацку ўжо больш за 100 гадоў. За гэты час палачане займаліся некалькімі дзесяткамі відаў спорту індывідуальных і гульнявых. Многія спартсмены станавіліся чэмпіёнамі свету і Еўропы, сярод іх ёсць нават чэмпіён і віцэ-чэмпіён Паралімпійскіх гульняў.

А як гэта быць настаўнікам будучых чэмпіёнаў? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца трэнеры ў сваёй працы? Адказы на гэтыя пытанні і спрабавалі даць госці, якія прыйшлі на сустрэчу ў Краязнаўчы музей Полацка. Гэта Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Сямён Сушчын, старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі работнікаў фізічнай культуры і спорту Аляксандр Аўдачонак, майстры спорту Рэспублікі Беларусь Руслан Голубеў (цяжкая атлетыка), Леанід Сіняўскі (веласпорт), Аляксей Разянкоў (акадэмічнае веславанне), Сяргей Фірсаў (дзюдо), Анатоль Карабань (каратэ).

Інтэрнэт-магчымасці дазволілі арганізатарам сустрэчы звязацца са знакамітымі трэнерамі, якія сваю спартыўную кар'еру пачыналі ў Полацку 4050 гадоў таму назад. Гэта заслужаны трэнер БССР Аляксандр Шавяка, старшыня «Беларускай федэрацыі танцаў і мастацкай гімнастыкі на інвалідных калясках» Ларыса Клемянцёнак, заслужаны трэнер Расіі Уладзімір Алекна.

Падчас сустрэчы былі агучаны не толькі поспехі і дасягненні мінулых гадоў, але і праблемы, якія існуюць у свеце спорту сёння. Дыялог атрымаўся эмацыйна яркім, прысутныя з удзячнасцю выказваліся ў адрас арганізатараў, і будавалі планы на будучыню.

965