Полацк-Яраслаўль: сувязь праз стагоддзі

4-5 сакавіка 2020 г. супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны». Гэта ўжо XI па ліку канферэнцыя, якая ўпершыню ў гэтым годзе праходзіла адначасова на двух пляцоўках — у Яраслаўлі і ў Полацку. На базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны за 2 дні выступіла больш 30 даследчыкаў, работы якіх былі прысвечаны гісторыі і культуры як рускага, так і беларускага народаў. Работнікі ж бібліятэчнага сектара абмяняліся вялікім вопытам сваёй дзейнасці, які маецца ў абодвух бакоў. Усе ўдзельнікі канферэнцыі на круглым стале, які адбыўся пасля заканчэння працы, адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і гасціннасць гаспадароў. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас супрацоўнікаў НПГКМЗ пасля наведвання Музея беларускага кнігадрукавання і Краязнаўчага музея.