Полаччына напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны


У другой палове 1930-х — пачатку 1940-х гг. гарадская забудова праводзілася згодна з генеральным планам 1936 г. архітэктара І. Рапапорта. На цэнтральных вуліцах К. Маркса, Арджанікідзэ, Леніна, Савецкай выраслі кварталы жылых дамоў. Новыя будынкі атрымалі паштамт, паліклініка, кінатэатр, некалькі сярэдніх школ. Усе жылыя пабудовы, культурна-бытавыя і адміністрацыйныя будынкі, амаль усе вуліцы атрымалі электрычнае асвятленне, ва ўсе дамы былі праведзены радыёкропкі. 18 лістапада 1936 г. на галоўнай плошчы горада быў адкрыты помнік У.І. Леніну скульптара А.А. Бембеля.

К пачатку 1940-х гг. у Полацку дзейнічала дзевяноста прадпрыемстваў, шэсць буйных медыцынскіх устаноў, каля сарака ўстаноў адукацыі. Палачане наведвалі болей за сто магазінаў, рэстараны, кафэ, стадыён і шматлікія спартыўныя пляцоўкі, парк культуры і адпачынку, клубы, бібліятэкі, тэатр, кінатэатр, краязнаўчы музей.

На 1 студзеня 1939 г. у Полацку пражывала без малага 30 тыс. чалавек.