Плінфа


Адной з галін старажытнай ганчарнай вытворчасці з'яўляўся выраб плінфы - тонкай і шырокай цэглы. Попыт на плінфу быў абумоўлены актыўным храмавым будаўніцтвам у Полацку ў ХІ-ХІІ стст.

У перакладзе з грэчаскай мовы plinthos - гэта шырокая і плоская абпаленая цэгла. Першапачаткова плінфа мела квадратную, пазней прамавугольную форму і таўшчыню ўсяго 4-5 см. Рэцэпт яе стварэння быў завезены ў Полацк візантыйскімі майстрамі. Тэракотавую цэглу-плінфу выраблялі з мясцовай чырвонай гліны, фармавалі ў асобых формах з драўляным дном, потым сушылі на адкрытым паветры. Апошнім этапам апрацоўкі было абпальванне ў спецыяльных цагляных печах, якія былі напольнымі ці размяшчаліся ў схіле пагорка.

На плінфах нярэдка можна сустрэць сляды ад пальцаў, адбіткі ад вострых прадметаў, клеймы, а таксама рэльефныя знакі, якія маглі быць як выпадковымі адмецінамі, так і спецыяльнымі штампамі для пазначэння прадукцыі мясцовымі цагельнікамі. Адметна, што для полацкай плінфы характэрна размяшчэнне знакаў пераважна на тычках.

Упершыню на тэрыторыі сучаснай Беларусі плінфа была выкарыстана пры ўзвядзенні полацкага Сафійскага сабора ў сярэдзіне ХІ ст. Адна з такіх плінф, знойдзеная ў заходняй частцы сабора, выстаўлена ў Краязнаўчым музеі. На верхнім пасцелістым баку вырабу пакінуты групы неглыбокіх дробных кроплепадобных ўціскаў, на ніжнім - адбіткі ў выглядзе прамых палос у розных напрамках. Знаходка была зроблена ў выніку археалагічнага нагляду дырэктара Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка Ядзвігай Афанасьеўнай Зайцавай у 1979 г.

У другой палове ХІІІ ст. замест плінфы ў беларускім дойлідстве сталі выкарыстоўваць буйнапамерную брусковую цэглу.