Прывескі-амулеты


Сярод археалагічных знаходак сустракаецца шмат цікавых рэчаў. Да такіх прадметаў адносяцца прывескі-амулеты. Часта археолагі знаходзяць іх у курганных жаночых пахаваннях Х-ХІІІ стст. З'явіліся прывескі ў часы язычніцтва, але працягвалі выкарыстоўвацца і ў перыяд распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства. Прывескі не проста выконвалі ролю ўпрыгажэнняў, у значнай меры яны з'яўляліся амулетамі-абярэгамі. Часта мелі выгляд мініяцюрных прадметаў быта або зброі, форму нябесных свяціл і інш. Так, сярод прадметаў, прадстаўленых у экспазіцыі Краязнаўчага музея, можна ўбачыць прывеску-лыжачку, якая лічылася сімвалам дабрабыту і забяспечанасці. Прывеска-лунніца засцерагала ўладальніка ад няшчасцяў. Іх з'яўленне звязана з культурай Месяца і з'яўляецца часткай аграрнага культу. Прыцягвае ўвагу гледачоў і прывеска-конік, уладальніку якой забяспечвалася дапамога на паляванні або ў ваенных паходах. Насілі прывескі звычайна на плячах або на поясе на металічных ланцужках, скураных раменьчыках, засцёжках-фібулах, па некалькі штук або паасобку. У ХIV ст. прывескі-амулеты выйшлі з ужывання ў нашых продкаў.