Пісталет "Веста"


У першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. зброевыя кампаніі Іспаніі былі вядомы ў Еўропе сваімі копіямі бельгійскіх і германскіх рэвальвераў і пісталетаў. Асаблівай папулярнасцю сярод іспанскіх збройнікаў карыстаўся пісталет сістэмы Браўнінг узору 1906 года, на базе якога было распрацавана болей за дзясятак мясцовых паўаўтаматычных і аўтаматычных мадэляў. Сярод іх быў і аўтаматычны пісталет “Веста”, які можна пабачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея. Дадзеная мадэль адносіцца да зброі “эйбарскага тыпу”. Назва паходзіць ад мястэчка Эйбар на поўначы Іспаніі, якое ў пачатку ХХ ст. было адной са зброевых сталіц краіны.

Пісталет “Веста” быў зарэгістраваны ў інвентарнай кнізе музея ў 1947 годзе, аднак якім чынам ён патрапіў у музейную калекцыю нам невядома. Ён быў выпушчаны ў 1906 годзе на прадпрыемстве А. Эчэверыі. Зброя мела калібр 7,65 мм і прызначалася для паражэння праціўніка на малых адлегласцях. “Веста” ў адрозненні ад Браўнінга ўзору 1906 года мае іншую канструкцыю засцерагальніка: ён размешчаны не ў задняй частцы корпуса, а ў сярэдняй, над спускавым кручком. У гэтага пісталета курковы механізм, а магазін разлічаны на 10 патронаў, што стала магчымым з прычыны падаўжэння ручкі. Па баках ручкі размешчаны пластмасавыя накладкі, якія замацаваны двума шрубамі.