Альбом грампласцінак "Даклад таварыша Сталіна І. В. на надзвычайным VIII усесаюзным з'ездзе Саветаў 25 лістапада 1936 г. аб праекце Канстытуцыі Саюза ССР"


Многія яшчэ памятаюць магнітафонныя аўдыёкасеты, а вось грампласцінкі і старэнькія патэфоны - ужо самае сапраўднае рэтра. Сёння і тым, і другім - ганаровае месца ў музеі.

Няпросты лёс грампласцінак быў цесна звязаны з працэсам развіцця апаратаў, якія іх прайгравалі. Аднак 20-30-я гг. мінулага стагоддзя можна назваць “зорным часам” гэтых няхітрых на першы погляд гукавых носьбітаў.

З шырокім распаўсюджаннем грампласцінак і рэпертуар стаў больш разнастайным. Акрамя твораў класічнай і сучаснай музыкі, выпускаліся запісы прамоў. Былі запісаны выступленні вядомых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Савецкай дзяржавы. Сярод іх, напрыклад, “Даклад таварыша Сталіна І. В. на надзвычайным VIII усесаюзным з'ездзе Саветаў 25 лістапада 1936 г. аб праекце Канстытуцыі Саюза ССР”: з'яўленне таварыша Сталіна на трыбуне сустракаецца працяглымі апладысментамі ўсёй залы і выкрыкамі "Ура таварышу Сталіну!", "Няхай жыве Вялікі Сталін!”. Далей гучыць сам даклад Іосіфа Вісарыёнавіча. Магчыма, гэты альбом і не слухалі, але партыйныя дзеячы павінны былі яго мець.

Альбом складаецца з 21 пласцінкі. На футляры чырвонага колеру змешчана барэльефнае цісненне профіля Сталіна І. В. На кожнай пласцінцы маецца выява фірменнага знака завода (“Маскоўскі завод памяці 1905 г.”) у выглядзе перакрыжавання ластаўкі і скрыпічнага ключа.

Набор пласцінак, выпушчаны ў 1937 г. вы можаце ўбачыць у Краязнаўчым музеі.