Сцяпан Антонавіч Клокаў

16 лютага 2009 года споўнілася б 100 гадоў аднаму з паважаных і любімых людзей горада Полацка - Сцяпану Антонавічу Клокаву. Гэты чалавек большую частку свайго жыцця прысвяціў настаўніцкай і краязнаўчай працы. Улюблёны ў сваю родную Полаччыну з дзяцінства, ён быў верны ёй да самай смерці.
Нарадзіўся Сцяпан Антонавіч у простай сялянскай сям’і ў вёсцы Янкавічы Полацкага павета (зараз Расонскі раён Віцебскай вобласці). З пяці дзяцей ён быў самы малодшы. Яшчэ ў школьныя гады хлопчыка цікавіла гісторыя. Ён з вялікім захапленнем удзельнічаў у паходах па роднай Полаччыне, слухаў легенды і паданні. Можа, у той час і з’явілася мара прысвяціць сваё жыццё гісторыі.
У 1927 годзе, пасля заканчэння расонскай школы, ён паступіў у Полацкі педагагічны тэхнікум. Вучыцца было зусім няцяжка. У летні час добрую педпрактыку і магчымасць трохі падзарабіць давала праца ў дзіцячым прыёмніку, дзе Сцяпан Клокаў адпрацаваў не адно лета. У 1930 годзе, на 3-м курсе педтэхнікума, яго адправілі вучыць дзяцей у адну са школ Полаччыны. Здатны да кіраўніцтва, ён праз два гады быў назначаны дырэктарам гэтай школы. З 1935 па 1939 год Сцяпан Антонавіч зноў сеў за парту: ён стаў студэнтам гістарычнага факультэта Віцебскага педінстытута. А перад самай вайной С.А. Клокаў працаваў дырэктарам ветрынскай 7-гадовай школы. Праўда, спасцігаць асновы педагагічнай працы прыйшлося нядоўга.
З першых дзён нападу фашысцкай Германіі ветрынскія актывісты арганізавалі знішчальны батальён, у які запісаўся і Сцяпан Антановіч. Па заданнях атрада ён перахопліваў нямецкіх лазутчыкаў, знішчаў парашутны дэсант ворага. Падчас аднаго з заданняў Сцяпан Антонавіч разам з чатырма таварышамі трапіў у засаду. На допыце ніхто нічога не сказаў. Пасля пабоеў і здзекаў немцы ўсіх вырашалі расстраляць. Але лёс зміласцівіўся над С.А. Клокавым. Калі фашысты дабівалі салдат, аднекуль з лесу пачуліся стрэлы. Немцы былі вымушаны пакінуць вёску. Моцна паранены ў нагу С.А. Клокаў ноччу дабраўся да лесу. Гэты дзень стаў другім днём нараджэння, пакінуўшы на ўсё астатняе жыццё прадку белых валасоў. Калі зажыла рана, ён перабраўся да сваіх родных на Расоншчыну, дзе пайшоў у партызаны. Спачатку быў палітруком, а затым - камісарам атрада імя Кірава. За смеласць і мужнасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Сцяпан Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”, медалямі “Партызан Айчыннай вайны” І ступені, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Пасля вызвалення Расонаў Сцяпан Антонавіч узначаліў адзін з аддзелаў мясцовага райкама партыі. Праз 5 гадоў яго перавялі на тую ж пасаду ў Ветрынскі раён, добра знаёмы яму яшчэ з даваеннай пары. А хутка наступным прыпынкам у жыцці С.А. Клокава стане школа.
Амаль 20 гадоў - з 1952 па 1969 год - Сцяпан Антонавіч адпрацаваў дырэктарам школы № 8 г. Полацка. Яго паважалі і любілі калегі. Па ўспамінах Тамары Іванаўны Сцяпанавай, якая прыйшла ў школу маладым спецыялістам, С.А. Клокаў быў “удивительный человек, весь отданный педагогическому делу”. У працы ён умела абапіраўся на дапамогу ўсяго калектыва, усе пытанні вырашаў сумесна. І па сённяшні час яго былыя вучні з цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка: “Ён ніколі не крычаў, з усімі мог дамовіцца, нават з самымі непаслухмянымі”. У 1967 годзе С.А. Клокаў атрымаў званне Заслужанага настаўніка БССР.
Гэты чалавек быў не проста добрым адміністратарам. Ён быў яшчэ і сапраўдным гісторыкам. У школе № 8 г. Полацка Сцяпан Антонавіч наладзіў краязнаўчую працу па зборы матэрыялаў аб героі грамадзянскай вайны Уладзіміры Азіне. Ён знайшоў настаўніка Уладзіміра Азіна - Карпа Мікалаевіча Кавецкага, разам з вучнямі не раз бываў у яго ў гасцях, дзе слухаў аповеды пра легендарнага начдыва. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў наладзілі ліставанне на 60 адрасоў з былымі баявымі сябрамі Азіна, са школамі, якія таксама збіралі матэрыялы пра героя. Вынікам такой карпатлівай і плённай працы стала прысваенне школе № 8 імя Уладзіміра Азіна і адкрыццё праз год школьнага музея. На будынку школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая расказвала, што да рэвалюцыі тут размяшчалася Полацкае рэальнае вучылішча, вучнем якога быў Уладімір Азін. Сёння ў гэтай пабудове па вуліцы Стралецкай працуе Навучальна-вытворчы комплекс. Вучні 8-й школы ўзялі шэфства над роднымі Уладзіміра Мартынавіча. А вуліца, на якой жылі маці і родная сятра Азіна, стала насіць імя іх сына і брата (былы 5-ы завулак Фрунзэ).
Наступнай тэмай, якая зацікавіла С.А. Клокава, была Айчынная вайна 1812 года. Помнік, устаноўлены на месцы гібелі генерала Якава Кульнева на Расоншчыне, аднойчы выратаваў жыццё партызанам. І Сцяпан Антонавіч паабяцаў, што калі скончыцца вайна, ён даведаецца, як ваяваў і жыў гэты камандзір. У 1945 годзе Сцяпан Антонавіч пачаў збор матэрыялаў. Нягледзячы на цяжкасці пасляваеннага часу і недахоп літаратуры, С.А. Клокаў здолеў сабраць даволі падрабязны і цікавы матэрыял пра рускага генерала. За дапамогай ён звяртаўся ў бібліятэкі і архівы розных гарадоў. Неаднаразова наладжваў краязнаўчыя экспедыцыі і паходы па мясцінах, звязаных з Айчыннай вайной 1812 года. Ён напісаў навуковае даследаванне пра Я.П. Кульнева і баі на Полаччыне. На жаль, сваёй працы ў друкаваным выглядзе пры жыцці так і не пабачыў. Толькі ў 2005 годзе яго пляменнік з Санкт-Пецярбурга, Клокаў Яўген Паўлавіч, выдаў невялікім тыражом кнігу Сцяпана Антонавіча “Гений русского военного искусства Кульнев Яков Петрович”.
С.А. Клокаў не толькі вучыў іншых, ён пастаянна вучыўся сам. Разам са школьнікамі пад кіраўніцтвам навукоўцаў Акадэміі навук БССР даследаваў помнікі археалогіі Віцебшчыны, прымаў удзел у раскопках помнікаў архітэктуры старажытнага Полацка. Сцяпан Антонавіч у 1969 г. узначаліў бюро прапаганды і аховы помнікаў роднай Полаччыны. Разам з полацкім настаўнікам і краязнаўцам Іванам Пятровічам Дэйнісам збіраў звесткі аб мінулым нашага горада. Са сваім сябрам і былым калегам Мікалаем Аляксандравічам Манісам удзельнічаў у сустрэчах з моладдзю, са сваімі баявамі таварышамі на Расоншчыне. Акрамя гэтага Сцяпан Антонавіч быў членам вучнёўскага савета Полацкага краязнаўчага музея, актыўным лектарам, пазаштатным карэспандэнтам полацкай газеты “Сцяг камунізма” (надрукавана болей за 70 публікацый). На жаль, сур’ёзныя праблемы са зрокам не дазволілі яму і далей весці такое актыўнае жыццё. Увесь час яго падтрымлівалі родныя і блізкія яму людзі. У 1992 годзе Сцяпана Антонавіча не стала.
Так жыў, працаваў і любіў сваю зямлю Заслужаны настаўнік БССР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, чалавек, улюблёны ў свой край, Сцяпан Антонавіч Клокаў.