Унікальная ліцейная форма з рогу


У зборах НПГКМЗ захоўваецца створка ўнікальнай ліцейнай формы з рогу, якая выкарыстоўвалася для адліўкі ювелірных упрыгажэнняў, верагодна, пацерак. Форма была знойдзена падчас археалагічных раскопак пад кіраўніцтвам археолага С.В. Тарасава ў 1987-1988 гг. Унікальнасць формы заключаецца ў тым, з якога матэрыялу яна зроблена: гэта - рог. Ліцейныя формы - вельмі рэдкія артэфакты, якія з'яўляюцца безумоўным сведчаннем існавання ювелірнага рамяства на пэўнай тэрыторыі.

Ліцейныя формы рабілі звычайна з каменю ці гліны, радзей сустракаюцца формы, зробленыя з бронзы і дрэва. Прыстасаванні з рогу для адліўкі ювелірных вырабаў з'яўляюцца адзінкавымі знаходкамі і выяўлены толькі ў асобных месцах.

Фізічныя ўласцівасці рогу і косці не дазваляюць выкарыстоўваць форму для ўтрымання ў ёй расплаўленага металу. На думку С.В. Тарасава, які знайшоў гэты выраб падчас даследавання рэшткаў ювелірнай майстэрні ХІІ-ХІІІ стст., ліцейная форма з рогу магла выкарыстоўвацца для заліўкі воску. Падобная працэдура была патрэбна для вырабу ювелірных упрыгажэнняў "па васковай мадэлі". Тэхналогія працэсу была наступнай: пасля таго, як воск, заліты ў форму, застываў, яго палівалі глінай, а потым выраб абпальваўся. Пад уздзеяннем тэмпературы воск расплаўляўся і выцякаў, а гліна захоўвала форму, у якую потым і заліваўся метал.