І паплылі «Ручнікі» М.М. Пятрэнкі па ўсіх краінах і кантынентах…

Захапленне музыкай прынесла Мікалаю Макаравічу Пятрэнку сусветную вядомасць. Яго песню «Ручнікі» спявалі усюды: у Расіі і ва Украіне, у Польшчы і ў Прыбалтыцы і нават за акіянам, у Злучаных Штатах Амерыкі.

 Песні ў Мікалая Макаравіча ствараліся даволі лёгка: прыходзіла натхненне, ён садзіўся за стол, і мелодыі ліліся з самай глыбіні сэрца. Першыя музычныя творы «Полька» і «Мазурка» з'явіліся яшчэ ў 1954 г. А праз год пайшла ў свет першая песня «Мяцеліца» на вершы Алеся Ставера. Музычны твор атрымаўся лёгкі і задорны. Папулярнасць жа да М.М. Пятрэнкі прыйшла пасля песні «Ой, старонка мая ты лясная» на словы Анатоля Астрэйкі. Мікалай Макаравіч паказаў яе ў Віцебску на семінары самадзейных кампазітараў Рыгору Пуксту. Той адобрыў песню, зрабіў апрацоўку і аддаў яе хору Беларускага радыё. «Памятаю, як я ўскочыў з ложка, калі раніцай упершыню пачуў сваю песню па радыё, – успамінаў М.М. Пятрэнка. – Гэта мяне акрыліла, выклікала жаданне працаваць далей. Так я стаў самадзейным кампазітарам».

Песня прыйшлася выканаўцам да спадобы. У пятрэнкаўскай мелодыі чуліся і гаманлівыя рачныя хвалі, і шум лясоў, і птушыны шчэбет, і ціхая беларуская гаворка. Песню пра родную старонку заспявалі. «Беларусь – гэта святое», – казаў кампазітар, сцвярджаючы сваё credo і на ўроках, і ў жыцці, і ў песнях – меладычных, багатых на інтанацыі, «спеўных».

Домра адчувала настрой кампазітара, дапамагала пісаць новыя, такія рознахарактарныя песні:  прывітальную «Прыязджайце да нас на Полаччыну» на словы Генадзя Бураўкіна,  пяшчотную «Вочы зямлі маёй», узвышана-ўзнёслую «Я – беларус» на верш Ніла  Гілевіча, героіка-рамантычную «Герой» і інш.

Калі б домра магла гаварыць, то абавязкова б расказала пра  работу над песняй «Ручнікі». Колькі  часу яны правялі, каб песня палюбілася, знайшла свайго слухача і прынесла ім сусветную вядомасць!

 «Ручнікі» была маёй 27-ай песняй, –  чытаем ва ўспамінах кампазітара. – Тады я працаваў намеснікам дырэктара Ветрынскай школы-інтэрната імя У.I. Леніна. Давялося кіраваць школьным  хорам, у якім разам з вучнямі спявалі настаўнікі, выхавальнікі і нават дырэктар Барыс Яроцкі. Аднойчы, гартаючы часопіс «Полымя», я звярнуў увагу на верш В. Вярбы «Ручнікі». Ён выклікаў цікавасць і пэўныя музычныя асацыяцыі. У ім былі і сюжэтная лінія, і лірызм, і лёгкі гумар, якія часта ўласцівы народным песням, што запалі ў душу яшчэ з дзяцінства. Над новай песняй  правацаў некалькі месяцаў,  прынёс у  хор,  але песня не выклікала захаплення. Відаць, нечага ў ёй не хапала (яна нагадвала банальны вальс). I вось зноў і зноў я вяртаўся ў вольны час да верша, было можа 13 ці 14 варыянтаў песні, і ўсе не задавальнялі мяне, – расказваў  Мікалай Пятрэнка. – На працягу трох месяцаў я амаль кожны дзень браўся за песню. Рашэнне прыйшло нечакана: а што калі памяняць музычны памер з  трох чвэртак на дзве чвэрткі?»

І домра ўспомніла, як кампазітар ударыў па яе струнах, прайграў некалькі акордаў... Знайшоў! Мелодыя  ажыла, зайграла, заіскрылася! Калі ён прынёс нотны запіс у свой хор, то цяпер песня загучала інакш.

«Мы развучылі «Ручнікі», і ў той, 1959 год, сталі пастаянна выконваць яе на канцэртах», – успамінаў М.М. Пятрэнка.

Акрылены такім поспехам, Мікалай Макаравіч  вырашыў паслаць песню  ў рэспубліканскі Дом народнай творчасці.  Адказ быў хуткі, але нечаканы: «Песня вялая, плохая, к исполнению не рекомендуем». «У пакоі палілася грубка, і я, узрушаны, кінуў  пісьмо і ноты песні. Цяпер шкадую: быў бы цікавы дакумент», – успамінаў пазней Мікалай Макаравіч. – А праз два месяцы ў Мінску, на рэспубліканскім конкурсе агітбрыгад  маю песню праспявалі Валянціна  Альхоўская (Макеенак) і Тамара Дзядкова з г.п. Ліёзна». На першым этапе конкурсу пасля выканання песні «Ручнікі» зала загула ад захаплення. Другі этап конкурсу быў у Віцебску. І зноў поспех! Песню запісалі на абласным тэлебачанні. Дзяўчаты прайшлі на  заключны  этап конкурсу. У Мінску іх зноў чакала перамога. 

Песню «Ручнікі» у выкананні Валянціны Альхоўскай і Тамары Дзядковай запісалі на беларускім радыё. Не было таго дня, каб песня не гучала ў эфіры. Як народную, яе спявала жаночая група Дзяржаўнага народнага хору БССР пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча і ансамбль «Песняры», апрацоўку для калектыва зрабіў Уладзімір Мулявін. У іх выкананні яе ізноў, як народную, запісала і фірма «Мелодыя». Безумоўна, гэта вялікі гонар, калі твая песня стала народнай. Але ж...

Сёння песня выдадзена ў многіх зборніках, увайшла ў «Анталогію беларускай народнай песні», у «Анталогію беларускай савецкай песні».

Аднаго разу самадзейны кампазітар  атрымаў ад Генадзя Цітовіча паштоўку. У ёй той паведамляў, што праводзіў семінар з кіраўнікамі самадзейнасці беларусаў, што жывуць за мяжой. I якое ж у яго было здзіўленне, калі дзве дзяўчыны з Бельгіі сталі падпяваць, слухаючы песню «Ручнікі» з грампласцінкі. «Цяпер, – пісаў Генадзь Іванавіч, – «Ручнікі» паплылі ў Манрэаль і Таронта».

1989 год. У Полацку ў Богаяўленскім саборы, дзе ў той час размяшчалася карцінная  галерэя, ішоў канцэрт Данчыка, амерыканскага спевака беларускага паходжання. Хлопец шчыра, пранікнёна спяваў беларускія народныя песні, у тым ліку і «Ручнікі».

«Па рацэ далёка ручнікі плылі», – праспяваў ён апошні радок. Заключны акорд пачулі не ўсе, бо іх заглушылі апладысменты. Прысутныя дзякавалі і спеваку, і немаладому ўжо чалавеку, які з букетам руж накіраваўся да выканаўцы.  «Мікалай Пятрэнка – самадзейны кампазітар, аўтар музыкі да «Ручнікоў», – прадставілі Данчыку. Госць з далёкай Амерыкі такога не чакаў: там, за акіянам, песня лічыцца народнай! Кампазітар і выканаўца пасябравалі, чакалі новых сустрэч, марылі аб музычных праектах, але не наканавана было ім спраўдзіцца: падчас наступнага прыезду Данчыку паведамілі  сумную вестку: Мікалай Макаравіч пайшоў з жыцця.

У гісторыі беларускай музыкі, магчыма, адны «Ручнікі» доўгі час лічылі беларускай народнай песняй, і толькі потым прызналі аўтарства самадзейнага кампазітара Мікалая Пятрэнкі і малавядомай паэтэсы Веры Вярбы.

Гэтая песня, як кажуць, на любы густ, на любыя выпадкі. Яе спяваюць ля вогнішчаў у  час паходаў, за сталом на сямейных урачыстасцях. Яна добра гучыць са сцэны ў выкананні салістаў і музычных гуртоў, у суправаджэнні аркестра і акапэла, пад гітару...

Мікалай Макаравіч казаў: «Мне дорагі «Ручнікі», як дорагі і астатнія мае песні,  як маці яе дзеці. Хоць з усяго створанага мной такой шчаслівай папулярнасці не дарыў ні адзін мой твор. Я не сказаў бы, што «Ручнікі» мая найлепшая песня, бо ёсць у мяне розныя і не менш цікавыя песні, але такой папулярнасці не мела ні адна».

Некаторыя яго песні і зараз выконваюцца беларускімі артыстамі. Так, у рэпертуары  Ірыны Дарафеевай лірычная задушэўная песня «Твае рукі» на словы Янкі Сіпакова.

Папулярнасць  песні залежыць ад многіх людзей. Вельмі важна знайсці свайго паэта. У Мікалая Макаравіча іх было шмат. Вядомыя на ўсю краіну Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Панізнік, Навум Гальпяровіч. І на той час пачаткоўцы, полацкія паэты Змітрок Куніцкі, Надзея Ярмак, Віктар Леаненя, Анатоль Бясперстых, Уладзімір Глушкоў ды іншыя.

Лепшыя творы сабраны ў кнізе  «Беларусі мілай»,  якая была выдадзена ў Полацку ў 1997 годзе. Зборнік складаецца з 4 раздзелаў: «Край мой беларускі», «Горад мой над Дзвіной», «Перамога. Былое і роздум», «Лірыка». У гэтай кнізе 172 песні, асноўнае месца сярод якіх займаюць песні, прысвечаныя Беларусі. На жаль, выданне ўбачыла свет ўжо пасля смерці стваральніка.

Е.П. Марцінкевіч, выпускніца Полацкага педагагічнага вучылішча 1980 г.