Польская акупацыя. Верасень 1919 — май 1920.


У верасні 1919 г. у сувязі з набліжэннем фронту ў Полацку зноў была аб'яўлена эвакуацыя. Горад пакінулі многія ўстановы і асобныя прадпрыемствы. 20 верасня польскія войскі выйшлі на паўднёвую ўскраіну горада і акупіравалі Задзвінне. Пад прыкрыццем інтэнсіўнага артылерыйскага агня белапалякі прадпрымалі спробы фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і заняць увесь горад. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню, захопнікі перайшлі да абароны, што паклала пачатак пазіцыйнай вайне, якая доўжылася 8 месяцаў. Утвораныя дружыны самаабароны рылі акопы і кулямётныя гнёзды. Мірныя жыхары ахвяравалі на карысць абараняўшых горад чырвонаармейцаў цёплую вопратку, абутак, прадукты харчавання. Ва ўмовах акупацыі працавалі тры школы, бальніца, чыгунка і іншыя ўстановы.

Вясной 1920 г. на Заходні фронт былі перакінуты новыя вайсковыя часці. Галоўны ўдар па польскіх войсках было вырашана нанесці ў раёне Полацка. У маі горад наведаў камандуючы Заходнім фронтам М.М. Тухачэўскі. Пасля яго прыезду, 14 мая войскі перайшлі ў наступленне, і на наступны дзень Полацк быў вызвалены.