"Я - шлях, якому век няма спакою..."

З 11 лістапада па 16 снежня 2014 г. у выставачнай зале Краязнаўчага музея працавала выстаўка "Я - шлях, якому век няма спакою...", прысвечаная першаму народнаму паэту Беларусі.

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882 – 1942) – беларускі народны паэт, драматург, публіцыст, які абраў лёс песняра Бацькаўшчыны і стаў прарокам нацыянальнага Адраджэння пачатку XX ст.

Аснову выстаўкі «Я – шлях, якому век няма спакою» склалі матэрыялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і прадметы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, якія ілюструюць сувязь Полацка і паэта ў розныя гады яго жыцця і творчасці.

Ураджэнцы полацкай зямлі з’явіліся ў жыцці Купалы яшчэ ў самым пачатку яго творчай кар’еры. Калі Іван Луцэвіч вучыўся ў Пецярбургу, яго апекуном і дарадчыкам быў Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла, які ў фальварку Залессе пад Полацкам меў свой дом. У 1908 г. у выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якім кіраваў Б.І. Эпімах-Шыпіла, быў надрукаваны першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка”. Лёс звёў Купалу таксама з Ігнатам Буйніцкім, Антонам Грыневічам і Язэпам Драздовічам.

Падчас Першай сусветнай вайны паэт служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе і з лета 1916 г. з жонкай Уладзіславай Францаўнай жыў у Полацку. Сведчаннем часоў службы з’яўляюцца фатаграфіі з альбома сваяка паэта Вікенція Станкевіча.

У Полацку Янка Купала сустракаўся са сваімі сябрамі і аднадумцамі: урачом Сямёнам Жывапісцавым, настаўніцай і актрысай Паўлінай Мядзёлкай, паэткай Канстанцыяй Буйло.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у пачатку лістапада 1917 г., Янка Купала пакінуў горад. Зноў сюды ён трапіў амаль праз 10 год, у маі 1926 г. Прыезд у Полацк ужо народнага паэта БССР актыўна асвятляўся на старонках мясцовай прэсы. А ў адным з нумароў газеты “Чырвоная Полаччына” быў надрукаваны ліст беларускага песняра, у якім ён выказваў палачанам словы шчырай удзячнасці.

У наш горад Купала больш не прыязджаў, але тут яго памяталі заўсёды. У год яго апошняга прыезду Практыкавальна-паказальнай школе пры Полацкім педтэхнікуме было нададзена імя беларускага паэта. Пазней імем Янкі Купалы была названа вуліца і бібліятэка. У 1996 г. на будынку чыгуначнай станцыі “Баравуха” пад Полацкам з’явілася мемарыяльная шыльда.