Ківер афіцэрскі


Руская армія ХІХ ст. істотна адрознівалася ад сучаснай. Ваенная форма тых часоў дорага каштавала, таму салдаты яе бераглі. Часткай форменнай вопраткі салдат быў ківер - ваенны галаўны ўбор, які атрымаў шырокае распаўсюджанне ў пачатку ХІХ ст. Насілі ківеры як служачыя афіцэрскага саставу, так і ніжнія чыны. У экспазіцыі Краязнаўчага музея знаходзіцца афіцэрскі ківер лейб-гвардыі гусарскага палка 1-ай паловы XIX ст.

Галаўны ўбор уяўляе сабой пашыраны ўверсе конус чырвонага колеру, вышынёй 25,5 см. Верхняя плоскасць ківера абцягнута чорнай скурай. Ніжні край галаўнога ўбору абабіты скураным рамянём так, што дыяметр яго ніжняй часткі можна рэгуляваць па памеры галавы. Пад рэмень ушыты казырок з тоўстай скуры з нахілам уніз. З бакоў прымацаваны падбародны рэмень з так званай "луской", якая складаецца з асобных фігурных пласцінак.

Да 1812 года склалася выразная рэгламентацыя эмблем, якія насілі на ківерах. На пярэдняй частцы ківера знак у выглядзе двухгаловага арла з факелам у правай лапе і з лаўровым вянком у левай. На грудзях арла - шчыток з выявай св. Георгія Перамоганосца. Па баках галаўнога ўбору мацаваўся этышкет - упрыгажэнне, якое складаецца з дзвюх плеценых касіц, якія ахопліваюць ківер спераду і ззаду. Побач з этышкетам знаходзяцца кутасікі на кароткім падвоеным шнуры.

Цікава, што ківер для салдата быў не толькі галаўным уборам. У ім нярэдка захоўвалі грошы, лыжку, грабеньчык, шчотачку для вусоў, вакс-памаду, ніткі і іголкі. Часам там можна было знайсці трубку з тытунем, запасны крэмень для пісталета, шыла, адвёртку. Майстравітыя салдаты насілі ў ківеры і розны дробны інструмент свайго рамяства, бо ў даламане няма дзе было трымаць усю гэтую вельмі неабходную ў салдацкім побыце дробязь.

Афіцэрскі ківер быў перададзены Краязнаўчаму музею Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеем імя П.І.Баграціёна.