Французскі пісталет «AN XIII»


Падчас наведвання Краязнаўчага музея ў ліку самых цікавых экспанатаў можна знайсці розныя віды халоднай і агнястрэльнай зброі: цесакі, штыкі, шаблі, ружжы, пісталеты і рэвальверы. Асобнае месца сярод іх займае французскі пісталет "AN XIII", які экспануецца ў зале, прысвечанай падзеям вайны 1812 года.

Гэта быў самы дасканалы і распаўсюджаны пісталет французскай кавалерыі ў эпоху Напалеонаўскіх войнаў. Пісталет узору 1804 - 1805 гг. прыйшоў на змену пісталету "AN IX". Прыняцце на ўзбраенне гэтай мадэлі ў Францыі супала з перыядам слаўных перамог Напалеона І. Пісталет шырока ўжываўся ў напалеонаўскіх войсках - у асноўным як абарончая зброя кавалерыі. Вырабляўся ён на мануфактурах Шарлелявіля, Сэнт-Эцьена, Мабёжа, Версаля, Эсэна. Было выпушчана каля 300 тысяч адзінак. Пісталет "AN XIII" уяўляе сабой кароткаствольную агнястрэльную ручную зброю, якая складаецца са ствала, ложы і замка. Ствол сталёвы, канал ствала гладкі. Пад ствалом знаходзіцца шомпальны жолаб, у якім змешчаны стальны шомпал. Цаўё зброі мае латунную акоўку, у ніжняй частцы якой змешчана кляймо збройнай мануфактуры, верагодна, г. Сэнт-Эцьена. Замок пісталета крэмніевы батарэйны французскага тыпу, які крэпіцца да асновы замочнымі шрубамі; складаецца з курка, крэсіва, спружыны крэсіва і паліцы. Рукаяць дубовая, мае латуневую акоўку. У ніжняй частцы рукаяці на латуннай акоўцы выбіта кляймо LD 21 адной з мануфактур Францыі па вытворчасці зброі.

Прыцэльных прыстасаванняў пісталет не мае, яго калібр - 17,1 мм, агульная вага - 1269 г, даўжыня ствала - 20,7 см, агульная даўжыня - 35,2 см. Трэба сказаць, што прыцэльная дальнасць стральбы была вельмі нізкай: звычайна не перавышала 30 крокаў. На зарадку пісталета патрабавалася прыкладна 45-60 секунд. Такую зброю выкарыстоўвалі толькі афіцэры, трубачы і некаторыя ўнтэр-афіцэры.