Давайце захоўваць нашу спадчыну

У нас будзе будучыня, калі мы будзем захоўваць усё тое, што стагоддзямі назапашвалася нашымі продкамі. І ведаць пра гэта павінны не толькі дарослыя, але і самыя маленькія жыхары нашага горада. Менавіта таму для вучняў трэціх класаў у Краязнаўчым музеі г.Полацка былі распрацаваны і праведзены заняткі-падарожжы, прысвечаныя страчанай спадчыне полацкай зямлі. Хто і калі, з якой нагоды і з дапамогай каго пабудаваў тую ці іншую царкву, пра гэта і многае іншае вучні полацкіх школ даведаліся ад навуковага супрацоўніка музея. На занятку маленькія наведвальнікі пазнаёміліся з гісторыяй храмаў, асаблівасцямі іх пабудовы і афармлення. Вялікая колькасць музейных прадметаў дазволіла дзецям дакрануцца да сівых стагоддзяў полацкай даўніны. Сучасная камп'ютэрная тэхніка дапамагла лакалізаваць помнікі архітэктуры, зрабіць матэрыял больш даступным і зразумелым. Прыемна было адчуць, што напрыканцы занятку нават зусім яшчэ маленькія палачане зразумелі неабходнасць захавання помнікаў архітэктуры найстаражытнейшага горада Беларусі.

457