XV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны»

З 2012 г. штогод у лютым-сакавіку па ініцыятыве Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі ім. Яраслава Мудрага і пры падтрымцы Упраўлення культуры і Аддзела міжнародных сувязей мэрыі Яраслаўля і Яраслаўскай епархіі праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны». Для ўдзелу ў навуковым форуме запрашаюцца не толькі супрацоўнікі бібліятэк, але і музеяў, архіваў, прадстаўнікі духавенства, вышэйшай і сярэдняй адукацыі, турыстычных фірм, краязнаўцы, пісьменнікі, выдаўцы, архітэктары, рэстаўратары і іншыя зацікаўленыя асобы. Канферэнцыя праводзіцца ў афлайн-і анлайн-фармаце. Яе куратарам з'яўляецца Марына Дзмітрыеўна Данілава.

У гісторыі расійскага Яраслаўля і шэрагу беларускіх гарадоў ёсць дзіўныя скрыжаванні, што дае сур'ёзную глебу для даследаванняў. Таму ў 2020 г. праца канферэнцыі праходзіла не толькі на расійскай пляцоўцы, але і беларускай – у старажытным горадзе рэспублікі — Полацку. У 2024 г. беларускай пляцоўкай для правядзення навукова-практычнай канферэнцыі стаў г. Магілёў. У навуковым форуме прынялі ўдзел выкладчыкі ўніверсітэтаў, навуковыя супрацоўнікі музеяў, работнікі бібліятэк, прадстаўнікі духоўна-асветніцкіх цэнтраў з Яраслаўля, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кашына, Саратава, Мурманска, Волагды (РФ), а таксама з Мінска, Магілёва і Полацка (РБ). Тэматыка прадстаўленых на канферэнцыі дакладаў ахоплівала шырокае кола пытанняў, якія датычацца гісторыі Старажытнай Русі, выдатных дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва Беларусі і Расіі, рэстытуцыі і рэпатрыяцыі культурных каштоўнасцей. Вопытам працы па арганізацыі даследчай дзейнасці дзяліліся супрацоўнікі Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва і Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Яраслаўля, а таксама краязнаўчых клубаў дзвюх краін.

Удзел у рабоце канферэнцыі прынялі і супрацоўнікі НПГКМЗ. Загадчык Краязнаўчага музея І. П. Воднева прадставіла даклад «А. С. Сінайскі: ад валанцёра вольна-пажарнага таварыства да брандмаёра Магілёва», вядучы навуковы супрацоўнік Краязнаўчага музея Л. Б. Трыгорлава «Сцянныя газеты ў Полацкай акрузе як «праваднікі» савецкага ладу жыцця», загадчык Дзіцячага музея Т. Р. Смірнова «Дзіцячы музей Полацка як універсальнае адукацыйнае асяроддзе». Заяўленыя тэмы выступленняў выклікалі ў прысутных жывую цікавасць. У ходзе абмеркавання дакладаў, мадэратары канферэнцыі адзначылі навізну даследаванняў, іх актуальнасць і нетрывіяльную форму падачы матэрыялаў. М. Д. Данілава адрасавала асаблівыя словы падзякі кіраўніцтву НПГКМЗ за актыўны ўдзел супрацоўнікаў установы культуры ў навуковым форуме ўжо на працягу многіх гадоў. Праца Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі будзе працягнута, але ўжо на пляцоўцы г. Яраслаўля.

62