Да пытання аб зніклых відах жывёл

Зусім нядаўна палачанін Драбышэўскі Уладзімір Паўлавіч перадаў у фонды НПГКМЗ частку шкілета галавы тура (першабытнага дзікага быка) з двума рагамі. Знойдзены фрагмент чэрапа ў 1970-я гг. каля ракі Чарнейка на тэрыторыі Зялёнкаўскага сельсавета Полацкага раёна.

Туры, знішчаныя чалавекам, з'яўляюцца прабацькамі сучаснай буйной рагатай жывёлы. Гэта былі парнакапытныя з мускулістым целам вышынёй у карку каля 170-180 см і масай да 800 кг. З-за масіўных рагоў лобная костка тураў была падоўжанай і шырокай. Рогі былі выгнутыя ў 3-х напрамках і маглі дасягаць у даўжыню 80 см і ў шырыню да 20 см. Жылі жывёлы невялікімі групамі або ў адзіночку, а на зіму аб'ядноўваліся ў вялікія статкі. Харчаваліся расліннай ежай. Лічыцца, што апошні тур быў забіты ў 1627 г. Нягледзячы на гэта, назва жывёлы да сённяшняга часу сустракаецца ў прыказках, песнях, былінах і абрадах на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Славакіі.

24