17 верасня — Дзень народнага адзінства

Да Дня народнага адзінства супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да агульнабеларускага свята.

Загадчык музея І. П. Воднева выступіла на прэм'еры фільма «На другім беразе», які прысвечаны падзеям міжваеннага перыяду. На сустрэчы з гледачамі, у ліку якіх былі вучні школ горада і раёна, асаблівая ўвага была звернута на праблемы, з якімі сутыкнуліся беларусы ў тыя часы: асаблівасці жыцця на памежжы, імкненне нашага народа да аб'яднання ў адзінай дзяржаве.

Вядучы навуковы супрацоўнік Л. Б. Трыгорлава правяла серыю музейна-педагагічных заняткаў з вучнямі 8-11 класаў ДУА «Сярэдняя школа №14 імя М. С. Грыневіча г. Полацка». Тэма заняткаў — «БССР: ад падзелу да ўз'яднання (1921–1939)» — аказалася для вучняў не толькі актуальнай, але і цікавай. Юнакі і дзяўчаты атрымалі цэласнае ўяўленне аб падзеях, якія падзялілі беларускі народ на дзве часткі ў 1921 г., а таксама аб жыцці Усходняй і Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Асаблівы акцэнт быў зроблены на фарміраванне вайсковых адзінак на тэрыторыі Полаччыны ў пачатку верасня 1939 г. і ўдзелу палачан Б. І. Яронькі і І. Ф. Казлова ў паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 г.

Напрыканцы заняткаў самі вучні адзначалі, што прыняцце Заходняй Беларусі ў склад БССР стала значнай падзеяй у гісторыі нашага народа. Гэта садзейнічала наступнаму развіццю рэспублікі і дапамагло беларусам у саюзе з іншымі народамі СССР перамагчы нацызм у гады Вялікай Айчыннай вайны.

206