Фарфоравы кубак з кляймом майсенскай мануфактуры. XVIII-пачатак XIX стст.

Адным з найбуйнейшых цэнтраў па вытворчасці фарфоравага посуду ў Еўропе ў XVIII ст. быў горад Майсен (тэрыторыя сучаснай Германіі). Тут у 1710 г. з'явілася першая мануфактура па вытворчасці фарфоравага посуду і статуэтак. Адной з характэрных рыс майсенскага посуду стаў тонкі роспіс сінімі фарбамі. Нярэдка з падобнымі ўпрыгожваннямі рабіліся цэлыя сервізы, якія атрымалі шырокую вядомасць сярод мяшчан і шляхты Рэчы Паспалітай.

У Краязнаўчым музеі сёння можна пабачыць фрагмент невялікага фарфоравага кубка. У тыя часы маленькія кубачкі і сподкі да іх карысталіся сярод гараджан асаблівай папулярнасцю. Верагодна, у падобным посудзе полацкія езуіты падносілі сваім высокім гасцям гарачы шакалад ці каву.

У развале пабудовы XVIII ст., дзе быў знойдзены выстаўлены ў музеі кубачак, знойдзены таксама і фрагмент шклянкі з езуіцкай манаграмай. Нават пасля далучэння Полацка да Расійскай імперыі езуіты захавалі свой уплыў на розумы і сэрцы палачан, будучы заканадаўцамі еўрапейскай моды і навуковых дасягненняў на Палотчыне.