«Бушынг-2022» на пляцоўцы Краязнаўчага музея Полацка

У большасці працоўнай моладзі склалася ўстойлівае меркаванне, што музеі – гэта сумнае месца для адпачынку. Але работнікі найбуйнейшага полацкага прадпрыемства ААТ «Полацк-Шкловалакно» вырашылі зламаць гэты стэрэатып. У гэтым годзе сярод моладзі прадпрыемства знайшоў працяг афлайн-праект «Бушынг», які стартаваў год таму. Па ініцыятыве вядучага спецыяліста аддзела інфармацыйнай, культурна-масавай і спартыўнай работы вытворчасці Юліі Кулькінай-Трызна, актыўнай і дзейнай маладой жанчыны, быў распрацаваны план удзелу шклозавадчан у самых розных мерапрыемствах. На працягу года моладзь завода зможа наведаць некалькі музеяў горада, узяць удзел у майстар-класах на іх пляцоўках, праявіць свае творчыя і спартыўныя здольнасці. Першай пляцоўкай, куды накіравалася працоўная моладзь ААТ «Полацк-Шкловалакно», стаў Краязнаўчы музей Полацка, які ў 2021 годзе адзначыў сваё 95-годдзе. Пошук таямнічага «духу», які пасяліўся ў былой лютэранскай кірсе, прымусіў многіх ладна папрацаваць. Кожная з 6 каманд, якія прыходзілі ў музей на працягу двух месяцаў, з задавальненнем адкрывала для сябе старонкі гісторыі найстаражытнага горада Беларусі. Пошук артэфактаў і ўважлівае прачытанне пажоўклых ад часу дакументаў прымушалі ў чарговы раз маладых палачан пераконвацца ў тым, наколькі цікавая гісторыя таго месца, дзе яны жывуць і працуюць. Пасля заканчэння квэста ўсе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні атрымалі заслужаныя ўзнагароды і памятныя прызы. Наперадзе ў завадчан яшчэ шмат яркіх сустрэч і мерапрыемстваў. Краязнаўчы музей, даўшы старт афлайн-праекту «Бушынг-2022», пакінуў масу прыемных уражанняў, «запаў у душу» – па водгуках удзельнікаў праекта. Супрацоўнікі музея жадаюць моладзі ААТ «Полацк-Шкловалакно» поспехаў на працы і ў творчасці, а работнікам іншых прадпрыемстваў – браць з яе прыклад і сваім калектывам адпраўляцца на пошукі музейнага «духу».

626