XIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны»

3–4 сакавіка 2022 г. у Яраслаўлі ў анлайн-фармаце адбылася XIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Яраслаў Мудры. Праблемы вывучэння, захавання і інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны». У ёй прыняла ўдзел загадчык Краязнаўчага музея Полацка І.П. Воднева. Канферэнцыя сабрала супрацоўнікаў бібліятэк, музеяў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і кніжных выдавецтваў з Яраслаўля, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вялікага Ноўгарада, Арзамаса, Навасібірска, Данецка, Магілёва, Мінска і іншых гарадоў. Яе ўдзельнікаў вітаў В. Гаўрылаў, намеснік мэра па ўзаемадзеянні з грамадскасцю, міжнародных сувязях і забеспячэнні дзейнасці мэрыі г. Яраслаўля. На навуковым форуме былі прадстаўлены больш за 20 дакладаў. Значная іх частка прысвечана найноўшым даследаванням у галіне гісторыі Старажытнарускай дзяржавы і Яраслаўскага краю. Не засталіся па-за ўвагай удзельнікаў канферэнцыі і пытанні літаратурнага краязнаўства, а таксама музейнай і экскурсійнай работы ўстаноў культуры. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала прэзентацыя рэдакцыяй спецыяльных праектаў Гарадскога тэлеканала і выдавецкім домам «Яраслаў Мудры» кнігі і фільма-расследавання з серыі «Людзі зямлі Яраслаўскай», прысвечаных жыццю і дзейнасці Ф. Волкава.

692