Памяці Сямёна Яфімавіча Сушчына

 14 лютага 2021 г. пайшоў з жыцця Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Сямён Яфімавіч Сушчын. У Полацку імя гэтага чалавека было вядома многім. Яшчэ ў 1970-я гг. Сямён Яфімавіч захапіўся фехтаваннем, любоў да якога яму прывіў У. Аляксеенка, загадчык кафедры фізічнага выхавання Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У 1980-я гг. Сямён Яфімавіч разам з Якавам Барысавічам Фердманам ужо сам навучаў юных полацкіх мушкецёраў у зале Палаца будаўнікоў. Полацкія хлапчукі У. Утачкін, А. Ільеў, Ю. Рубінчык, М. Цэпялевіч уваходзілі ў склад юнацкай зборнай БССР. Але ў 1990-я гг. секцыя зачынілася. Зноў да свайго любімага віду спорту С.Я. Сушчын вярнуўся ў 2000-я гг. На ўласныя сродкі ён выкупіў аднапавярховы будынак па вул. Стралецкай і заняўся трэніроўкай інвалідаў-калясачнікаў. Яго гонарам сталі Мікалай Без'язычны, сярэбраны прызёр Паралімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 г., і Андрэй Праневіч, паралімпійскі чэмпіён гульняў у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 г. Сямён Яфімавіч дапамог і з арганізацыяй у 2019 г. выставы «Народжаные перамагаць», падараваўшы некалькі экспанатаў і аплаціўшы рэкламны банер. Апошні раз С.Я. Сушчын быў у Краязнаўчым музеі Полацка ў кастрычніку 2020 г., прыняўшы ўдзел у сустрэчы, прысвечанай нялёгкай трэнерскай працы. Супрацоўнікі НПГКМЗ выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім С.Я. Сушчына, Ганаровага грамадзяніна г. Полацка, адданага свайму гораду словам і справай.

846