Аб фотамарафоне «Зіма ў маім горадзе ў другой палове XX ст.»

У архіве Краязнаўчага музея Полацка захоўваюцца старыя падшыўкі полацкіх газет. Гартаючы іх, адзначаеш, што кожны год напярэдадні Новага года ўлады горада падводзілі вынікі праведзенай працы. Самаадданая праца палачан дазволіла гораду, практычна цалкам разбуранаму у гады Вялікай Айчыннай вайны, не толькі падняцца з руін, але і да канца XX стагоддзя стаць буйным прамысловым цэнтрам, а таксама месцам адраджэння духоўнасці і культуры. Супрацоўнікі музея ў «Год малой радзімы» вырашылі аформіць «Ёлку поспехаў» нашага горада, якая пакажа дасягненні палачан за 5 апошніх дзесяцігоддзяў XX ст. Прыняць удзел у гэтым афармленні могуць і гараджане, стаўшы ўдзельнікамі фотамарафона «Зіма ў маім горадзе ў другой палове XX ст.». Для ўдзелу ў ім неабходна даслаць на пошту Краязнаўчага музея або размясціць у спецыяльным альбоме акцыі ў VK фатаграфіі з асабістага архіва, зробленыя ў зімовы перыяд 1950-1999 гг. на тэрыторыі прамысловых прадпрыемстваў, устаноў культуры, на вуліцах і плошчах горада ў буднія і святочныя дні. Пажадана, каб яны суправаджаліся указаннем месца і часу, дзе праходзіла фотаздымка, а таксама імя ўладальніка фатаграфіі. Найбольш актыўных удзельнікаў чакаюць памятныя сувеніры ад музея.

984