Адкрыты дыялог «Я выбіраю бокс»

22 ліпеня аматары адзінаборстваў адзначаюць Міжнародны дзень боксу, які з’явіўся зусім нядаўна - у 2017 г. Вядомы яшчэ з часоў Старажытнага свету, гэты від спорту няўхільна набіраў папулярнасць, і з 1920 г. быў уключаны ў праграму сучасных Алімпійскіх гульняў.

Адпраўной кропкай развіцця боксу ў Полацку з’яўляецца другая палова 1940-х гг. У Дзіцячай спартыўнай школе ў пасляваенным горадзе заняткі па боксу праводзіў Уладзімір Гур’янаў. У пачатку 1950-х гг. на спартыўных вечарынах і адкрытых гарадскіх выступленнях дэманстравалі свае прафесійныя навыкі лепшыя полацкія баксёры - Гаўрылаў, Далгоў, Трумбачоў, Раманаў. З 1966 г. трэнерам па боксу ў Полацку пачаў працаваць майстар спорту СССР У.В. Несцераў. Уладзімір Васільевіч, адпрацаваўшы ў нашым горадзе больш за паўстагоддзя, стварыў моцную спартыўную базу і выхаваў годную змену. Сёння яго выхаванцы Вячаслаў Сысоеў, Сяргей Гурчонак, Аляксей Струк, Анатоль Селядзеўскі і іх вучні трэніруюць маладое пакаленне полацкіх адзінаборцаў.

У рамках міжнароднага свята супрацоўнікі Краязнаўчага музея правялі адкрыты дыялог «Я ВЫБІРАЮ БОКС», які сабраў некалькі пакаленняў полацкіх спартсменаў. Сярод прысутных былі вучні Уладзіміра Несцерава - Анатоль Жураўлёў, пераможца першынстваў СССР, Вячаслаў Сысоеў, вядучы трэнер СДЮШАР па кікбоксінгу, Мікалай Смыкаў, Аляксандр Вярыга і інш. Пакаленне 1990-2000-х гг. прадстаўлялі Сяргей Гурчонак, пераможца 1-га чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, які праходзіў у Полацку ў 1993 г., Дзяніс Целіца, майстар спорту міжнароднага класа, Уладзіслаў Нікіцін, неаднаразовы пераможца і прызёр першынстваў і турніраў па боксу, кікбоксінгу і тайскаму боксу. З веданнем справы аб падрыхтоўцы спартсменаў і развіцці спорту ў Полацку ў мінулым дзяліліся ўспамінамі старшыня ветэранскай арганізацыі Полацкага раёна Аляксандр Аўдачонак і былы старшыня Полацкага гарвыканкама, майстар спорту па самба, Уладзімір Тачыла. Сустрэча полацкіх спартсменаў на пляцоўцы выстаўкі «Народжаныя перамагаць» стала яшчэ адным заліковым балам у агульную скарбонку мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць палачан, улюбёных у Полацк і яго гісторыю.

40