Супрацоўнікі НПГКМЗ на І Рэспубліканскім краязнаўчым форуме

12-13 сакавіка 2020 г. супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ірына Воднева, Людміла Трыгорлава, Сяргей Камінскі, Славіна Гаўрылава, Святлана Сверж і Андрэй Ключнікаў прынялі ўдзел у І Рэспубліканскім краязнаўчым форуме Беларусі, які праходзіў у рамках Года малой радзімы. На пляцоўках Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь сустрэлася болей за 230 даследчыкаў з усіх рэгіёнаў краіны. Галоўнымі задачамі форума сталі вывучэнне стану спраў у галіне краязнаўства, папулярызацыя гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны беларускіх гарадоў і вёсак, пашырэнне ведаў аб краязнаўчых праектах Беларусі, стварэнне ўмоў для дыялогу паміж краязнаўцамі, далучэнне моладзі да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі.
У першы дзень форума на пленарным пасяджэнні выступілі вядучыя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры нашай краіны І.Л. Капылоў, Т.І. Стружэцкі, В.В. Даніловіч, А.Я. Кравец, А.А. Суша, С.М. Плыткевіч. Далей работа працягнулася па секцыях "Краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы", "Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі", "Асоба ў краязнаўстве: з гісторыі біяграфій беларускіх краязнаўцаў", "Экалагічнае краязнаўства і турыстычная дзейнасць" і інш. Напрыканцы форума адбыліся выступленні кіраўнікоў секцый і прыняцце выніковай рэзалюцыі, дзе адным з пунктаў прадугледжвалася стварэнне на базе Нацыяльнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь каардынацыйнага краязнаўчага савета, які адначасова з выкананнем функцый арганізацыйна-метадычнага суправаджэння краязнаўчай дзейнасці будзе праводзіць падрыхтоўку да ўтварэння Рэспубліканскага краязнаўчага таварыства. Удзельнікі форума на працягу 2-х дзён з зацікаўленасцю знаёміліся з выставамі гісторыка-краязнаўчай літаратуры з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выданняў краяўзнаўцаў. 13 сакавіка ў межах форума падведзены і вынікі конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017-2019 гг., на якім было прадстаўлена больш 200 кніг. Большасць удзельнікаў мерапрыемства адзначылі гасціннасць гаспадароў і шчодрасць спонсараў.