Інфармацыя аб экскурсіях

Аглядная экскурсія «Полацк: ад вытокаў да сучаснасці»

Малыя гарады Беларусі…Яны, як і людзі. У кожнага свой непаўторны твар, свой жыццёвы лёс, свае здабыткі. Полацк - старэйшы з іх. На ім сляды ўсіх эпох, усіх буйных падзей, якія перажыла наша беларуская зямля. Здзейсніце падарожжа ў захапляльную, поўную таямніц полацкую даўніну!

  • Тэматычныя экскурсіі:


«Полацкае княства ў IX-XI стст.»Больш за тысячу гадоў таму "Полацкае княства ахоплівала большую частку тэрыторыі сённяшняй Беларусі і адпавядала сваімі памерамі такім тагачасным краінам, як герцагства Баварскае або каралеўства Партугальскае. ...Улада [яго] пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Варажскага (Балтыйскага) мора. Гэта значыць, што Полацкае княства было марской дзяржавай". Ці сапраўды так? З якімі еўрапейскімі дынастыямі мелі сваяцтва Рагвалодавічы? Цікава? Тады да сустрэчы! 



«Езуіты ў Полацку»Сёння, калі мы чуем слова «езуіт», то ўяўляем хітрага, вераломнага чалавека. Але ці адпавядае наша ўяўленне рэчаіснасці? Больш двух стагоддзяў езуіты пражывалі на тэрыторыі нашага горада. Нават пасля забароны Ордэна, расійская імператрыца Кацярына II, хоць і лічыла езуітаў «махлярамі», дазволіла ім працягваць сваю дзейнасць у Полацку! Чаму? Пашукаем адказ разам!



«Полацк у 1910 годзе »У 1910 годзе з'явіўся першы гарадскі даведнік. Цяпер сказалі — турыстычны праспект. Хто і як кіраваў Полацкам? Як траплялі сюды госці і дзе спыняліся на адпачынак? Як працавалі банкі, лаўкі і аптэкі? Уявіце сябе тагачасным турыстам і прагуляйцеся разам з намі па вуліцы Ніжне-Пакроўскай!



«Полацк у міжваенны час (1918-1941)»У 1918-1920 гг. палачанам давялося перажыць кайзераўскую акупацыю, грамадзянскую вайну, польскую інтэрвенцыю. Толькі ў маі 1920 г. Полацк атрымаў мірную перадышку. Як мянялася аблічча горада ў першыя гады Савецкай улады? Чаму на змену перыяду нацыянальна-культурнага адраджэння прыйшоў перыяд рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі? Дакраніцеся да гэтай старонкі ў гісторыі нашага горада!



«На шляху да алімпійскай вяршыні»Алімпійскі п'едэстал! Лічыце яго недасягальнай мэтай? Памыляецеся! Полацкія спартсмены шматразова станавіліся пераможцамі чэмпіянатаў Еўропы і свету. Двое з іх — ппераможцы паралімпійскіх гульняў! Паглядзіце навокал: яны жывуць сярод нас. Ведаеце іх імёны? Не? Тады завітайце да нас!