Кісялёўка

З вялікім задавальненнем дзеці і дарослыя наведваюць этнаграфічную залу Краязнаўчага музея. Інтэр’ер сялянскай хаты канца ХІХ – пачатку ХХ стст. ствараюць розныя, у многім нязвыклыя сучаснаму чалавеку, прадметы. З усіх прадметаў, якія размяшчаюцца ў трысцене, найперш звяртае на сябе ўвагу незвычайная кручкаватая палка, падобная да качаргі. Гэта – кісялёўка, якую выкарыстоўвалі для прыгатавання старадаўняй беларускай стравы – аўсянага кісяля. Кісель атрымліваўся смачнейшы, калі яго гатавалі не з аўсянай мукі, а менавіта з аўса. Для гэтага авёс трэба было прасушыць, змалоць у жорнах. Увечары гаспадыня разводзіла драблёны авёс з цёплай вадой і ставіла на ноч у печ. Раніцай размешвала, працэджвала скрозь сіта, выціскаючы аўсяную шалупіну. Атрыманую вадкасць называлі цэжа. Яе ўлівалі ў кацёл і ставілі ў напаленую печ. Каб кісель атрымаўся смачным, кацёл не рэкамендавалася даставаць з печы. А вось для таго, каб кісель не падгарэў, яго пемешвалі кісялёўкай, якая дапамагала засцерагчы рукі гаспадыні ад жару. Даўжыня кісялёўкі – 143 см, зроблена яна была ў 1940-я гг. на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Сёння гэта музейны экспанат, які не толькі дэманструе працу майстра, але і нагадвае пра старадаўнюю беларускую страву .