Гнутая мэбля

Мэбля - гэта адлюстраванне пэўнай эпохі, запатрабаванняў людзей, дасягненняў у вытворчасці. Ніводны інтэр'ер не абыходзіцца сёння без самага распаўсюджанага прадмета мэблі - крэсла.

Упершыню крэсла з'явілася ў Старажытным Егіпце. У Сярэднявеччы ім карысталіся толькі арыстакратыя і духавенства. Масавая вытворчасць мэблі для сядзення была наладжана ў ХІХ ст., калі гэтым пачалі займацца фабрыканты. У гэты перыяд і пачынаюць вырабляць так званую гнутую мэблю.

Сваю гісторыю гнутая мэбля вядзе ад венскага майстра Міхаэля Танэта. Але на самой справе ён не вынайшаў гэты спосаб, а прапанаваў прыстасаваць яго для фабрычнай вытворчасці. Заключаўся ён у наступным: нарэзаная брусам драўніна апрацоўвалася парам для дасягнення гнуткасці, затым планкі расцягваліся на металічных формах і прасушваліся. Невысокі кошт, прастата, функцыянальнасць, трываласць адпавядалі запатрабаванням часу. Гнутая мэбля карысталася вялікай папулярнасцю. Фірма "Браты Танэт", якая была створана ў 1853 г. у Вене, паступова адкрыла свае крамы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Адэсе і іншых гарадах Расійская імперыі.

Уявіць, як выглядала гнутая мэбля амаль стагоддзе таму, дапаможа наша выстава. Некаторыя прадметы былі набыты падчас этнаграфічнай экспедыцыі, іншыя - падараваны палачанамі. У выставачнай зале прадстаўлены садовы набор - канапа і крэсла з цвёрдым сядзеннем. Уяўляе цікавасць венскае крэсла гнутай спінкай і з круглым цвёрдым сядзеннем, на 4 выгнутых ножках. Сядзенне яго арнаментавана стылізаванай выявай хваста паўліна. Зроблена крэсла ў першай палове ХХ ст. у Польшчы. Побач са сталом-канторкай можна ўбачыць два мяккіх венскіх крэсла, сядзенні якіх паўавальнай формы, абцягнутыя чырвоным аксамітам, спінкі паўавальныя пераходзяць у падлакотнікі.

У залежнасці ад густу, інтэр'еру і матэрыяльнага становішча можна было набыць крэслы розных форм і памераў. Гнутая мэбля карыстаецца попытам і сёння.