Гадзіннік "Gustaw Bekker"

Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без гадзіннікаў. Імкненне "валодаць" часам з'явілася вельмі даўно - больш 5 тыс. гадоў назад. Пазней людзі сталі выкарыстоўваць сонечныя, вадзяныя, пясочныя гадзіннікі. Вынаходства механічных гадзіннікаў адносіцца да IX-XI стст. Першапачаткова іх ўстанаўлівалі на ратушах і саборах. Паступова з'явіліся падлогавыя, насценныя, камінныя, наручныя гадзіннікі. ХХ ст. зрабіла гадзіннікі агульнадаступнай рэччу. На выставе ў Краязнаўчым музеі прадстаўлена 6 гадзіннікаў ХІХ – пачатку ХХ стст. Адзін з найбольш цікавых экспанатаў - насценны гадзіннік "Gustaw Bekker". Зроблены ён ў Германіі ў другой палове XIX ст. Механізм з маятнікам змешчаны ў драўляны корпус. Фірменны знак на маятніку ўказвае на прыналежнасць да знакамітай фірмы.

Гісторыя фірмы "Gustaw Bekker" пачалася ў 1847 г., калі 28-гадовы Густаў Бэкер вырашыў наладзіць выпуск высокадакладных гадзіннікаў. З цягам часу маленькая майстэрня ў горадзе Фрэйбург ператварылася ў самую буйную гадзіннікавую фабрыку ў Еўропе. Кляймо ў выглядзе якара і дзвюх літар - "G" і "B" - стала сінонімам якасці. Прадукцыя гэтай фірмы заваявала шмат узнагарод на выставах свету. А ў 1885 г. было выпушчана 500 тыс. экзэмпляраў у гонар рэйхсканцлера Бісмарка. Пасля смерці Густава Бэкера яго справу працягнуў сын - Паўль Альберт Бэкер. Спачатку выпускаліся толькі падлогавыя, насценныя, камінныя, настольныя гадзіннікі. Паступова кампанія "Gustaw Bekker" пераняла вопыт у швейцарцаў і стала выпускаць яшчэ і наручныя гадзіннікі. Швейцарцы таксама зацікавіліся нямецкай фірмай. Праз некаторы час вытворчасць Бэкера цалкам перамясцілася ў Швейцарыю. Сёння кожнай мадэлі гэтых гадзіннікаў выпускаецца не больш за 200 экзэмпляраў у год. Кожны з іх мае свой нумар, а механізмы ўпрыгожваюць знакамітай сімволікай фірмы - якарам і ініцыяламі "G" і "B".

Гадзіннік, прадстаўлены на выставе, быў закуплены ў жыхара горада Полацка ў 1997 г. Зараз ён упрыгожвае экспазіцыю музея і дае магчымасць наведвальнікам убачыць гадзіннік знакамітай еўрапейскай маркі.