У гасцях у цёткі Алены

Пах свежага хлеба і звонкія галасы дзяцей напоўнілі ў снежаньскія дні залы Краязнаўчага музея. Выхаванцы полацкіх дашкольных устаноў наведалі музейна-педагагічны занятак "У гасцях у цёткі Алены".

Утульна размясціўшыся ў інтэр'еры сялянскай хаты канца ХІХ - пачатку ХХ стст., дзеці апынуліся ў гасцях у дзядзькі Алеся і цёткі Алены. Падчас шчырай гутаркі гаспадар пазнаёміў маленькіх з канструкцыяй драўлянай хаты, распавёў, як яна будавалася; паказаў прылады працы сялян - плуг, вілы - і патлумачыў, як імі карыстацца. Дзеці ўбачылі дзіцячую калыску-зыбку, самаробны ложак, адгадалі загадку Алеся пра печ. Гаспадыня Алена паказала, як даўней карысталіся ступай і маслабойкай; жадаючыя змаглі патрымаць у руках цяжкі драўляны таўкач. Дзеці ўбачылі старажытны гліняны посуд і рукамый, даматканую вопратку і рушнік, палюбаваліся саламяным павуком, што вісіць пад столлю. У канцы занятка цётка Алена пачаставала сваіх вясёлых і гаваркіх гасцей свежым хлебам.

Заняткі праводзіліся навуковымі супрацоўнікамі Краязнаўчага музея сумесна з супрацоўнікамі Дзіцячага музея.

2015