Знаходка з каменнага веку

Аднаму з палачан выпадковая знаходка запомніцца на ўсё жыццё. У пяску, прывезеным з кар'ера ў Полацкім раёне, ён выявіў буйны камень, які прыцягнуў яго незвычайнай формай. Пасля ачысткі прадмета выявілася, што ў руках працоўнага апынуўся зуб маманта, зніклага яшчэ да нашай эры. Лепшым месцам захоўвання такога цікавага прадмета быў абраны Краязнаўчы музей. Гісторыю сваёй знаходкі Леанід Васільевіч Цімашэнка распавёў навуковым супрацоўнікам, перадаўшы зуб у дар музею.

Мамант з'яўляецца адной з самых цікавых жывёлін, якія калі-небудзь насялялі Зямлю. Большасць відаў па памерах не пераўзыходзілі сучасных сланоў, але мелі больш масіўнае тулава, карацейшыя ногі, доўгую поўсць і доўгія выгнутыя біўні. Адзін з самых буйных мамантаў - Mammuthus imperator - дасягаў вышыні 5 м і масы 12 тон, а самы дробны вядомы мамант - Mammuthus lamarmorae - быў вышынёй каля 1,5-2 м і масай да 900 кг. Сёння апісана каля двух дзесяткаў відаў мамантаў, якія часта размяжоўваюць менавіта па зубах.

Карэнныя зубы, якіх у мамантаў было чатыры, некалькі шырэй, чым у слана. Іх зубы прыстасаваліся да перацірання багатага крэмянязёму грубога расліннага корму. Цікава, што па меры сцірання зубы маманта змяняліся на новыя, такая змена магла праходзіць да 5 разоў за жыццё.

Косці мамантаў часта знаходзяць на стаянках першабытных людзей разам з прымітыўнымі прыладамі. У Сярэднявеччы з-за велічэзных памераў іх прыпісвалі вымерлым волатам. У Валенсіі карэнны зуб маманта шанавалі як частку мошчаў святога Хрыстафора. У XVIII стагоддзі насілі ў працэсіях сцегнавую косць маманта, якую выдавалі за частку рукі святога Вінцэнта.

Маманты на тэрыторыі Беларусі вымерлі больш за 10 тысяч гадоў назад падчас апошняга ледавіковага перыяду. Яшчэ да канца не высветлены прычыны вымірання. Мяркуюць, што не апошняй з іх быў чалавек каменнага веку. А сучаснаму чалавеку застаецца толькі збіраць і вывучаць рэшткі старажытных гігантаў.

1994